Палітвязень Алег Корбан нечакана выйшаў на свабоду — на закрытым судзе яму прысудзілі хімію

Алег Корбан нечакана выйшаў на свабоду. Яму прызначылі не пазбаўленне, а абмежаванне волі (1,5 года). Яго абвінавачвалі па частцы 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

23.04.2021 / 22:20

Палітвязень Алег Корбан быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.

Алег Корбан нарадзіўся 4 лютага 1985 года. Быў у «Маладым фронце», затым у АГП. З’яўляўся намеснікам старшыні Мінскай гарадской арганізацыі АГП. Займаў пасаду старшыні Мінскага гарадскога аддзялення арганізацыі «Маладыя дэмакраты».

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года быў кіраўніком выбарчага штаба кандыдата Яраслава Раманчука па г. Мінску.

Яшчэ ў 2007 годзе, будучы сябрам «Маладога Фронту», праходзіў па крымінальнай справе па арт. 193-1 КК (удзел у незарэгістраванай арганізацыі), правёў трое сутак у турме КДБ, быў пакараны штрафам.

Зноў затрыманы ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 г. пасля масавай акцыі пратэсту. Быў абвінавачаны па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх). 7 студзеня 2011 г. вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

23 жніўня 2011 г. крымінальная справа супраць яго была закрытая «за адсутнасцю складу злачынства».

Nashaniva.com