Статкевіч расказаў, каго яшчэ будуць судзіць разам з ім. Сярод названых — Ціханоўскі і Лосік

У лісце Мікалая Статкевіча з турмы за 28 сакавіка палітык паведаміў падрабязнасці справы, па якой ён праходзіць абвінавачаным. 

10.04.2021 / 11:36

Мікалай Статкевіч. Фота Надзеі Бужан

«Судзіць» разам са мной будуць яшчэ Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка. Кожнага з нас абвінавачваюць па арт. 293 ч. 1. Акрамя таго, ва ўсіх «саўдзельнікаў», за выключэннем аднаго мяне, ёсць яшчэ дадатковыя артыкулы КК.

Сутнасць «злачынства» апісана ў «абвінавачванні» надзвычай шматслоўна і заблытана. Але коратка яго можна апісаць так: нашы крытычныя да ўлады выказванні ў інтэрнэце выклікалі рост пратэсных настрояў і прывялі да збора «неарганізаванай масы людзей», якія здзейснілі «масавыя беспарадкі». Значыць, мы — арганізатары гэтых «беспарадкаў». Логіка!» — піша Статкевіч.

Ён адзначае, што пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы — гэта 110 тамоў, таму азнаямленне можа расцягнуцца на месяц. Палітык адзначыў, што пачуваецца добра і папрасіў не хвалявацца за яго.

Артыкул, пра які гаворыць Статкевіч, — гэта «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці альбо ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады». Пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

Nashaniva.com