Украіна гатова замяніць Беларусь на расійскім рынку малочнай прадукцыі
Заявіў іх міністр аграрнай палітыкі.
17.06.2009 / 12:58
Украінская малочная прадукцыя можа замяніць беларускія тавары ў Расіі, імпарт якіх абмежавалі расійскія ўлады.
Пра гэта заявіў 17 чэрвеня міністр аграрнай палітыкі Украіны Юрый Мельнік, паведамляе РІА Новости.
«Я лічу, што сёння магчымасць павелічэння экспартных паставак з украінскіх прадпрыемстваў ёсць, калі расійскі бок прадэманструе такую патрэбу», — сказаў Мельнік.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб прадукцыі прыкладна 20 украінскіх прадпрыемстваў, якія прайшлі інспекцыйную праверку расійскіх спецыялістаў. «Гэта прыблізна 20 прадпрыемстваў, якія маюць права на экспарт прадукцыі і правераны расійскімі інспектарамі. Я думаю, што альбо за кошт павелічэння паставак гэтых прадпрыемстваў можна павялічыць, альбо можна прымаць рашэнні па тых прадпрыемствах, якія былі праінспектаваны, але адносна якіх пакуль не прынята рашэнне», — сказаў украінскі міністр.
Ён выказаў сумненне ў тым, што Украіна павялічыць імпарт беларускай малочнай прадукцыі.
Паводле яго слоў, на сённяшні дзень такі імпарт з Беларусі стабільны. Разам з тым, дадаў міністр, «усё будзе залежаць ад таго, як адрэагуе рынак».
Некалькі гадоў таму Расія забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю малочнай і мясной прадукцыі з Украіны. Тады бакам атрымалася вырашыць сітуацыю, і з таго часу падобных праблем паміж Кіевам і Масквой не ўзнікала, адзначае РІА Новости.