Сустрэча з прадстаўнікамі партыі Бабарыкі «Разам» у Маладзечне не адбылася. Умяшалася міліцыя
8 красавіка ў Маладзечна каманда партыі «Разам» планавала пабачыцца з мясцовымі жыхарамі. Гэта павінна была быць першая сустрэча з прадстаўнікамі планаванай партыі, аб намеры стварыць якую заявілі ўдзельнікі штаба Віктара Бабарыкі.
09.04.2021 / 15:14
«Рэгіянальная газета»
Сустрэча не змагла адбыцца ў поўным запланаваным фармаце. Як тлумачаць прадстаўнікі штаба, «паўстала непаразуменне з боку прадстаўнікоў МУС», паведамляе «Рэгіянальная газета».
Перад пачаткам сустрэчы сябра каманды партыі «Разам» Максім Баграцоў кансультаваўся з кіраўніцтвам мясцовага РАУС. «Дасягнуць паразумення ў дачыненні да статусу нашага мерапрыемства ў гэты раз не атрымалася» — расказалі прадстаўнікі штаба.
Каля дзесяці маладзечанцаў прыйшлі на мерапрыемства, дзе сустрэчу пачалі праводзіць валанцёры штаба, аднак неўзабаве ў памяшканне прыйшлі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС. Яны паведамілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае, і заклікалі разысціся. Затрыманняў не было.
«Праца над арганізацыяй сустрэч у гарадах Беларусі працягваецца, вопыт Маладзечна будзе ўлічаны пры падрыхтоўцы наступных сустрэч», — сказалі прадстаўнікі штаба.