Судзяць перакладчыцу Вольгу Калацкую, якая дала дзве поўхі Рыгору Азаронку. Ëн прысутнічае ў судзе

абнаўляецца

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 23 сакавіка пачаўся разгляд справы аб збіцці 15 лістапада Рыгора Азаронка перакладчыцай Вольгай Калацкай. Жанчыну затрымалі 15 студзеня падчас заняткаў па англійскай мове. З таго дня Вольга пад вартай.

23.03.2021 / 10:46

Вольга Калацкая

Рыгор Азаронак

Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі ўдараў супрацоўніку СТВ Рыгору Азаронку.

На суд прыйшоў і пацярпелы Азаронак. Ён з’явіўся ля залы суда літаральна за хвіліну да пачатку працэсу.

Вользе Калацкай пагражае арышт альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў. Вырашаць яе лёс будзе суддзя Скуратовіч.

Зала запоўненая — падтрымаць Калацкую прыйшлі сябры, вучні, журналісты і літаратары.

На пасяджэнні Вольга выступае па-беларуску.

Маладая пракурорка зачытала абвінавачванне. Яно кароткае: 15 лістапада «ў грамадскім месцы […] беспрычынна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе грамадству, наўмысна нанесла не менш за адзін удар па твары Азаронку».

А пасля — яшчэ адзін. Гэтым прычыніла карэспандэнту фізічны боль.

Вольга Калацкая віну прызнала цалкам.

Яна распавяла, што адбылося 15 лістапада.

«Памёр Раман Бандарэнка, я вельмі смуткавала і глыбока спачувала яго маці, якая страціла адзінага сына. У нядзелю 15 лістапада я вырашыла з’ездзіць на Усходнія могілкі. На прыпынку я ўбачыла, што грамадскі транспарт не ходзіць.

Пасля, каля станцыі метро «Пушкінская», я ўбачыла людзей, з якімі размаўляў Азаронак. Ён пытаўся: «Чаму вы сюды прыйшлі? Што вы ведаеце пра яго?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?»

Не атрымаўшы адказ, Азаронак спытаў: як жа вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не ведаеце яго імя па бацьку?

Я была абураная — бо было зразумела, што гэта рытарычнае пытанне. Гэта мяне глыбока абразіла, у стане эмацыйнага ўзрушэння я не змагла стрымацца і дала яму поўху, не хацела прычыніць яму боль — гэта быў чыста сімвалічны жэст. Я была глыбока абураная і абражаная тым, што сваімі рытарычнымі пытаннямі ён ставіў пад сумнеў шчырасць смутку людзей».

Гэта адзіны выпадак, які яна памятае, сказала Вольга. Яна кажа, што была ў такім эмацыйным стане і стрэсе, што нават не запомніла, як ўдарыла Азаронка яшчэ раз.

Але прызнае, што бачыла відэа, на якім б’е карэспандэнта СТБ, і пазнала сябе па адзенні.

«Вы выбачаліся перад пацярпелым?» — спытала пракурорка.

«Не», — адказала Вольга Калацкая.

«Жадаеце зрабіць гэта зараз?»

«Калі ён згодны, што спачувае маці Рамана Бандарэнкі — то так. Я хачу ведаць яго пазіцыю, — паведаміла Вольга. — Я шкадую, што я не змагла стрымацца — адназначна. Але выбачэнні залежаць ад таго, ці прызнае Азаронак шчыры смутак людзей і ці спачувае ён маці Бандарэнкі».

Пракурорка не стала цікавіцца пазіцыяй Азаронка на гэтыя тэмы. Адпаведна, абышліся без выбачэнняў.

Даў паказанні і пацярпелы Азаронак.

Ён распавёў, што 15 лістапада «асвятляў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ў раёне метро «Пушкінская».

«Там збіраліся людзі, месца было пазначана ў замежным тэлеграм-канале. І людзі збіраліся правесці там дзясятае, здаецца, несанкцыянаване масавае мерапрыемства, — сказаў Азаронак. — Да таго, як я пачаў задаваць пытанні, група людзей абступіла мяне і пачала крычаць, нават нецэнзурна.

Я пытаўся ў людзей, чаму яны сюды прыйшлі, з якой мэтай? У тым ліку я ўдакладняў, што яны ведаюць пра Рамана Бандарэнку. Прынізіць людзей ці закрануць іх пачуцці я не хацеў — проста задаваў пытанні, як карэспандэнт.

Група грамадзян мяне абступіла, крычалі ў мікрафон. Мяне пачалі хватаць за куртку. Падышла і абвінавачаная, нанесла мне поўху. Гэта ўсё было вельмі хутка, яна адразу адыйшла.

Пасля відэа гэтага апублікаваў замежны тэлеграм-канал».

Затым натоўп пайшоў у бок вуліцы Чарвякова, Азаронак пайшоў туды ж.

«Натоўп абражаў супрацоўнікаў міліцыі, я гэта асвятляў, пытаўся ў людзей, чаму яны выходзяць на дарогу? У нейкі момант мяне зноў абступілі людзі і тут са спіны падыйшла абвінавачаная і нанесла мне поўху, я нават не паспеў яе разгледзець», — распавёў Азаронак.

«Можна сказаць, што натоўп дзейнічаў агрэсіўна ў дачыненні да вас?» —спытала пракурорка.

«Так, можна».

«Вы праяўлялі агрэсію?»

«Не».

Азаронак кажа, што заяву на Калацкую не пісаў і ўвогуле не лічыць, што жанчына яго абразіла: «Пра эпізод я забыўся ў той жа вечар. Але ўсім вядомы тэлеграм-канал вырашыў выкласці гэта, пасмакаваць — і органы заняліся справай.

Я хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу і настойваў аб спыненні справы. Падтрымліваю гэтую сваю пазіцыю і цяпер».

Пасля Азаронка выслухалі сведку — аператара СТБ Іваненку. Ён таксама паскардзіўся, што людзі абражалі яго з Азаронкам:

«Гэта нейкае шаленства проста, тых людзей адэкватнымі назваць нельга.

Не магу зразумець, як звычайны чалавек можа назваць іншага фашыстам і пажадаць яму смерці.

Усё, што я назіраў: жаданне абразіць, штурхнуць, пасмяяцца. Адна жанчына сказала нават непасрэдна мне: ты фашыст. Я спытаў, чаму яна мяне так называе, яна не знайшлася, што адказаць.

Рыгор Азаронак ніколі нікога не абражаў. Размова на павышанах танах — так, але абразы — ніколі».

Азаронка штурхалі, спрабавалі выхапіць мікрафон, нейкая жанчына аднойчы ўдарыла яго па твары, расказаў аператар. Але другі ўдар па свайму калегу ён не памятае — толькі па відэа, якое ўбачыў пазней.

Затым даследавалі пісьмовыя матэрыялы справы.

***

Суд аднавіўся ў 14.30.

Была разгледжана магчымасць далучыць да справы хадайніцтва аб замірэнні бакоў. Вольга сказала, што яна «ўсё ж парушыла фізічныя межы» пацярпелага і таму просіць прабачэння».

Рыгор Азаронак прыняў прабачэнні.

Дзяржабвінаваўца выступіла супраць спынення крымінальнай справы.

Яна запытала для Вольгі два гады хатняй хіміі.

Рыгор Азаронак заявіў, што лічыць вінаватымі ў гэтай сітуацыі «замежныя тэлеграм-каналы і так званыя незалежныя СМІ», якія гэты эпізод зафіксавалі і вынеслі ў публічную прастору.

Азаронак мяркуе, што жорсткі вырак будзе выкарыстоўвацца супраць яго для нагнятання абстаноўкі.

Вольга Калацкая згадала пра трагічную смерць Рамана Бандарэнкі, пра сваё эмацыйнае ўзрушэнне, перажыванні яе знаёмых.

Яна зноў звяртаецца да пытанняў Рыгора Азаронка да людзей, якія ў лістападзе выйшлі на вуліцы. Што, яны не могуць па-сапраўднаму спачуваць гэтай трагедыі, бо не ведаюць імя па бацьку Рамана.

«Значыць, мы не спачувалі загінулым у метро, калі не ведалі іх імёны па бацьку?» — задаецца пытаннем Вольга.

Калацкая выказала падзяку журналісцкім і пісьменніцкім саюзам.

Перапынак у працэсе да 16 гадзін, 24 сакавіка.

***

У свой час Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейку Смітаў» ды іншыя.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 90-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.

«Я не прамяняю гэты год ні на які іншы!» Што вядома пра арыштаваную перакладчыцу Вольгу Калацкую

Улад Швядовіч, фоты Надзеі Бужан