15 гадоў таму прайшлі прэзідэнцкія выбары, на наступны дзень у цэнтры Мінска ўзнік намётавы гарадок
Пятнаццаць гадоў таму — 19 сакавіка 2006 года — у Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле ЦВК, Лукашэнка набраў 82,6% галасоў. Мілінкевіч — 6%, Гайдукевіч — 3,5%, Казулін — 2,3%. Нязгодныя з вынікамі галасавання выйшлі на Кастрычніцкую плошчу. Па розных падліках, вечарам 19 сакавіка там сабралася ад 10 да 30 тысяч пратэстоўцаў.
19.03.2021 / 08:48
photo.bymedia.net
У той вечар была моцная завіруха. Мітынг скончыўся шэсцем да Плошчы Перамогі.
А на наступны дзень, 20 сакавіка, моладзь прыняла рашэнне заставацца на Плошчы і паставіла намёты (у выніку іх колькасць вырасла да трох дзясяткаў), вакол намётаў сталі шчыльным колам людзі. Яны патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і ўрада.
Мястэчка пратрымалася тры дні. Спачатку затрымлівалі тых, хто нёс удзельнікам прадукты і адзенне, а таксама тых, хто адыходзіў з Плошчы.
Намётавае мястэчка (яго назвалі Плошча Каліноўскага) пратрымалася да ночы 24 сакавіка, пакуль а 4-й раніцы не было знішчана сілавікамі.
Каля 300 чалавек былі затрыманыя і адпраўленыя на суткі на Акрэсціна і ў Жодзіна.
Адбылася зачыстка і 25 сакавіка. Шэсце, якое ўзначальваў Аляксандр Казулін (яго ўдзельнікі ішлі на Акрэсціна), было разагнанае. Сам Казулін быў затрыманы і асуджаны паводле крымінальнай справы.