Затрыманы Юрый Чыж. Падрабязнасці
Напярэдадні ён правёў некалькі дзён у Маскве і быў затрыманы па вяртанні.
17.03.2021 / 12:49
Як стала вядома «Нашай Ніве», увечары 15 сакавіка быў затрыманы бізнэсмен Юрый Чыж. Пра гэта паведамілі дзве незалежныя адна ад адной крыніцы.
Юрый Чыж, фота Сяргея Гудзіліна
Разам з Чыжом былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнэсмена пасля разгрому яго імперыі.
Прэтэнзіі ў сілавікоў узніклі да топ-менеджмента «Кварцкрэйдапрама» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала крэйдай бярозаўскі завод па вырабе будматэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Таксама нібыта затрыманы хтосьці з кіраўнікоў «Данпрада» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.
Нарэшце, прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які паспяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры з якіх знаходзяцца ў Мінску, месяц таму забралі ліцэнзію на продаж паліва.
Як вядома «Нашай Ніве», сэнс справы перагукваецца з ранейшай крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду. Але як можна меркаваць, рахунак яму выставілі немалы і расцягнуты ў часе. Станам на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнэс-партнёрам, якія спаганялі з Чыжа даўгі праз суд.
Але Чыж па абавязацельствах нібыта не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнэсы прыносілі грошы.
Справы Чыжа за апошнія гады моцна пагоршалі, у рэйтынгу ўплывовых бізнэсменаў ён скаціўся на 88 месца, хоць у канцы 2000-ых узначальваў топ.
Цікавы момант: катэдж у Драздах, які некалі належаў мільянеру, а потым перайшоў яго сыну Сяргею Чыжу, тры дні таму змяніў уласніка. Элітную нерухомасць раптоўна падарылі Паліне Чыж, жонцы Сяргея.
Справа ў тым, што падчас папярэдняй крымінальнай справы супраць Юрыя Чыжа КДБ наклаў арышт не толькі на яго маёмасць, але і на маёмасць дзяцей.
Паліна і Сяргей Чыжы.