Мінчук вырошчваў каноплі ў дзіцячым пакоі

Затрымалі 30-гадовага мужчыну, які арганізаваў памяшканне для вырошчвання наркотыку.

16.03.2021 / 09:46

Аб гэтым БелТА паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

«Гаршкі з каноплямі і ёмістасці з псілацыбінавыми грыбамі праваахоўнікі выявілі ў пакоі дзіцяці затрыманага. Мужчына вырошчваў наркотык у шафе непаўналетняга, а пасля перастаўляў гаршкі на падваконне. Падчас ператрусу кватэры супрацоўнікі міліцыі выявілі каля 10 г марыхуаны, 5 гаршкоў з глебай і 12 кустоў канопляў, больш за 4 г асабліва небяспечнага рэчыва, якое змяшчае псілацыбін, насенне канопляў і асвятляльныя лямпы», — распавялі ў ГУУС.

Са слоў затрыманага, гэтым ён займаўся доўгі час і вырошчваў наркотык для асабістага спажывання. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся.

Матэрыялы праверкі перададзеныя ў СК для прававой ацэнкі дзеянняў затрыманага.

Nashaniva.com