Лукашэнка пра сітуацыю з кіслародам у Віцебску: Калі там палітыка, то значыць трэба на месца чалавека ставіць

Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падчас наведвання бальніцы ў Маладзечне спытаў у кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіча аб здарэнні з кіслародам у БХМД Віцебска.

12.03.2021 / 16:41

— А што ў інтэрнэце нейкі доктар заяўляў аб тым, што…, — сказаў Лукашэнка.

— БХМД Віцебска, — падказаў Дзмітрый Піневіч.

— Дык што там за праблема? Не хапае кіслароду…

— Я не думаю, каб там не хапала кіслароду, — сказаў памочнік Лукашэнкі Аляксандр Косінец.

— Былі невялікія перапынкі, мы там камісію высылалі. Ну там чалавек…, — замяўся з адказам кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

— Ну калі там палітыка, то значыць трэба на месца чалавека ставіць, — заявіў Лукашэнка.

— Паставім, — паабяцаў Піневіч.

— Нам не да палітыкі цяпер. Трэба спыняць падобныя рэчы. Калі там сапраўды ёсць праблема, то яе трэба вырашаць, — працягнуў Лукашэнка.

Нагадаем, раней Уладзімір Мартаў, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД), распавёў, што ў пачатку студзеня ў бальніцы адбылося надзвычайнае здарэнне з кіслародам. Ён не назваў дакладную колькасць памерлых, але паведаміў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі».

Чытайце таксама: «У хірургічным корпусе адключылася падача кіслароду. Сталі паміраць людзі». Доктар расказаў пра трагедыю ў Віцебску

Nashaniva.com