Першы фільм пра жнівеньскія падзеі на буйным кінафестывалі: пра што расказвае «Кураж», які немагчыма паказаць у Беларусі
На Берлінале паказалі беларускі фільм Аляксея Палуяна «Кураж». Альбо «Смеласць», калі дакладней падладжваць французскае слова пад кантэкст, альбо «Мужнасць». Рэжысёр заспеў сваіх герояў у летнія месяцы мінулага года: са штодзённага зморанага супрацьстаяння рэжыму акцёры Свабоднага тэатра трапляюць на, лічы, галоўныя падзеі беларускага пратэставага руху. А потым іграюць стары спектакль пра зніклага ў 1999 годзе Анатоля Красоўскага, і гэта фінал. Ці то 2020-ы становіцца ў шэраг такой жа дарэмнай мінуўшчыны, ці то адцяняе перманентны беларускі пратэст, што не знікаў нават тады, калі большасць не хацела пра яго ведаць?
09.03.2021 / 18:25
«Кураж» павінен быў стаць фільмам пра тое, як гэта — быць незалежным творцам ва ўмовах беларускай дыктатуры. Тэма, якую не разумеюць на Захадзе (стужка рабілася на нямецкія грошы) і не ўсе разумеюць нават у Беларусі. Тым не менш якраз сферай культуры можна трапна ахарактарызаваць нашу сістэму.
Тую мелкасць у абыходжанні рэжыму з людзьмі — як пазбаўленне перадач у СІЗА, разбурэнне мемарыялаў, запалохванне за сняжынкі на акне, затрыманне за адзенне пэўных колераў, прысуды за надпісы на асфальце — заўсёды можна было бачыць ва ўсюдыіснай цэнзуры айчыннага мастацтва.
Яе дробязнае кручкатворства — там прыбраць гістарычны сцяг, там выкрасліць слова «свабода» — блукала ў жартах і былінах па адпаведных сферах, і шырокаму колу не было бачнае так яўна. Мы выкарыстоўваем словы «рэжым», «сістэма», «дыктатура», ад якіх патыхае ўсеагульным змрочным Мефістофелем, а тут выяўляецца, што Мефістофель гэты мелкі ды недарэчны.
Аляксей Палуян пачаў здымкі ў канцы 2018 года і паказаў, што культура ў Беларусі — гэта калі рэжысёр становіцца палітычным бежанцам і ставіць спектаклі з Лондана праз відэасувязь, калі акцёр і музыка займаецца рамонтам аўтамабіляў, калі адмысловы чорны спіс забараняе задзейнічаць у кіно пэўных асоб, калі спектаклі іграюцца ў лофце не таму, што гэта прагрэсіўна, а таму што гэтага вымагае напаўпадпольнае існаванне. Культура ў Беларусі — гэта і тое, што пры дзейнай уладзе мы не зможам убачыць «Кураж» на вялікім экране.
Але потым грымнуў 2020 год, і падзеі перад выбарамі, у дзень выбараў і пасля выбараў у выніку занялі асноўную частку карціны. Мефістофель набраў ачкоў і смяяцца з яго мелкасці стала цяжэй. Але ўсё яшчэ магчыма — і Палуян робіць гэта ўсцяж паўтары гадзіны. Наўмысная неманіпулятыўнасць паказанага матэрыялу прыходзіцца дарэчы: сцэны не ўражваюць крывішчай і жорсткасцю сілавікоў, таму ўсё быццам не так і страшна, можна сканцэнтравацца на рэфлексіях і вобразе звар’яцелай сістэмы.
Тым часам неабходнасць расказваць пра краіну праз складана трансляванае трывожнае становішча творцаў знікла. «Кураж» стаў фільмам пра беларускі супраціў — не той, што акружыў выбары 2020 года, а той, што існаваў з 1990-х і выбухнуў мінулым летам.
Стужка пачынаецца з архіўных здымак масавых пратэстаў ды маўклівых акцый у гонар зніклых дзеячаў. КДБ і гісторыя Анатоля Красоўскага з’яўляюцца ў рэпертуары Свабоднага тэатра. У размовах праскокваюць рэтраспектыўныя згадкі ды прагнозы на будучыню — хтосьці кажа, што «Лукі больш не будзе», хтосьці ўпэўнены, што ўсё застанецца па-ранейшаму.
І вось у гэтае атачэнне змяшчаецца адна з галоўных каштоўнасцяў «Куража» — зазняты ў мінулым годзе матэрыял. Выбухі ля Стэлы, заплаканыя людзі ля Акрэсціна, натхняльны марш на некалькі сотняў тысяч чалавек, прарыванне счэпкі амапаўцаў на праспекце Незалежнасці, падцісканне жаночага ланцугу салідарнасці і так далей. Матэрыял каштоўны сам сабой і тым, як мы бачым датычнае нашага асабістага траўматычнага досведу, што ў цэлым добра было б не ведаць.
Усё гэта прашмыгвае адхіленымі дакументальнымі эпізодамі — імаверна, шмат чаго цікавага і нават больш цікавага з пункту гледжання фактуры засталося па-за стужкай. Бо ў «Куражы» яно б выкінула мінулае лета з кантэксту, а эмацыйнае ўспрыманне перакрыла б сабой усё астатняе. Усё астатняе — значыць магчымасць памацаць аб’ёмы таго, што адбывалася доўгія гады (і што мы прапусцілі) — і зразумець ва ўсім гэтым сваё месца.
Таму «Кураж» — першы фільм на тэму мінулагодніх падзей у Беларусі, што трапіў на буйную міжнародную пляцоўку, — перадусім патрэбны менавіта тут. Пакуль супрацьстаянне рэжыму Аляксандру Лукашэнкі не атрымала ўцямнага завяршэння, экран уносіць у яго гісторыю цікавую перспектыву. Паводле яго, напрыклад, беларусы змагаюцца не з рэжымам у асобе аднаго чалавека, а ўсё ж з сілавікамі. Назавём гэта візуальным эфектам. Сімвал гвалту са шчытамі ды ў балаклавах бачыцца паўсюдна і з’яўляецца, напэўна, самым абсалютным складнікам мефістофельшчыны. Таму і даволі своеасабліва бачацца эпізоды, дзе людзі абдымаюць сілавікоў і дораць ім кветкі ля Дома ўрада. Так ці інакш штука ў тым, што кіно пра самае для нас цяпер актуальнае мы можам альбо глядзець анлайн, альбо не глядзець увогуле.
«Кураж» у гэтым запаралельваецца сам з сабою, то-бок яго змест пераклікаецца са становішчам. Мы бачым, як Свабодны тэатр бярэцца за «непажаданае» мінулае і з’яўляецца знакам ледзь жывога пратэсту, для чаго і патрэбна тая самая мужнасць. Так жа, здаецца, і падзеі лета 2020-га павольна пераўтвараюцца ў тэму для падпольнага беларускага мастацтва, у прыватнасці «Куража», пракат якога пройдзе ў Германіі, а ў Беларусі, хутчэй за ўсё, не.
А наваколле тым часам усё тое ж. Быццам зняты Палуянам матэрыял будзе некалі, таксама як цяпер хроніка 90-х, архаічна глядзецца ў новай стужцы пра ўсё яшчэ беларускі пратэст. На жаль, змяшчэнне жніўня ў кантэкст шматгадовага супраціву ў фільме непазбежна нарасціла яму такую ж доўгую будучыню.