Ад бургераў да тортаў. У Мінску адкрылі першы веганскі супермаркет ФОТА
У культурна-дзелавым квартале «К21» адкрыўся супермаркет Vegetus, у якім прадаюцца тысячы vegan-friendly прадуктаў. На месцы таксама вараць супы, лепяць пельмені, гатуюць дэсерты без цукру і робяць смузі.
09.03.2021 / 10:43
Супермаркет знаходзіцца ў будынку на рагу вуліц Кальварыйскай і Дразда — злева ад аркі-партала ва ўнутраны дворык «К21».
Вітрыны збольшага займаюць «немалако» і «нямяса»: дзесяткі відаў соевага мяса і малака. З цікавага — амерыканскія катлеты для «альтэрнатыўных бургераў», якія стварылі ажыятаж у ЗША. Стэлажы запоўненыя сокамі, крупамі, кансервамі і закаткамі. Шмат месца выдзелена пад безглютэнавыя прадукты.
У краме разліваюць сіропы і жамерыны з садавіны. Таксама можна купіць арэхі, рыс, какава-бабы або сухафрукты. У якасці матэрыялаў для пакетаў выкарыстоўваюць не цэлафан або поліэтылен, а экалагічна чыстую паперу.
Пры краме дзейнічае кафэ, дзе гатуюць супы і гарачыя стравы: напрыклад, пельмені, спагеці і галубцы з соевым мясам. Кандытары на месцы ствараюць прыгожыя дэсерты, пудынгі, цукеркі, торты і смузі без лыжкі цукру. Усё можна забраць «з сабой».
Веганскі супермаркет працуе ў квартале «К21» з 10 да 21 гадзіны ў працоўныя дні і з 11 да 19 — у выходныя. Пакупнікоў абслугоўваюць дзве касы. Хутка побач з крамай збіраюцца уладкаваць летнюю тэрасу, якая зможа змясціць да 50 чалавек.