На працоўным месцы затрымалі доктара Руслана Бадамшына. У студзені яго асудзілі на 15 сутак, але ён усё не адседзеў
5 сакавіка на працоўным месцы затрымалі доктара РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Руслана Бадамшына, якога ў студзені асудзілі на 15 сутак арышту. Пра гэта Tut.by паведаміла яго жонка Таццяна.
05.03.2021 / 16:51
— Руслан патэлефанаваў і папярэдзіў, што яго выклікалі да начмеду і не выключана, што прыйшлі па яго. Потым мне патэлефанаваў загадчык аддзялення і паведаміў, што мужа забралі, — распавяла Таццяна Бадамшына.
Дзе цяпер знаходзіцца яе муж і па якой прычыне яго «забралі», Таццяна не ведае.
У студзені Руслана Бадамшына затрымалі па дарозе з паліклінікі і асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тады лекар хварэў на COVID-19, двое сутак ён правёў на Акрэсціна, але пасля суда яго адпусцілі. Яму засталося адбыць яшчэ 13 сутак арышту.
Са жніўня 2020 года Руслан Бадамшын быў затрыманы тройчы. У суме ён правёў пад арыштам 34 дні. Руслан Бадамшын — неўролаг, у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ён працуе на пасадзе доктара функцыянальнай дыягностыкі, спецыялізуецца на спадчынных і набытых нейрамышачных захворваннях, у тым ліку працуе з пацыентамі са СМА.