Памёр бацька Уэйна Грэцкі. Ён валодаў беларускай мовай

Уолтар Грэцкі, бацька найлепшага бамбардзіра ў гісторыі Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) Уэйна Грэцкі, памёр ва ўзросце 82 гадоў. Пра гэта спартсмен паведаміў у Twitter.

05.03.2021 / 11:49

nhl.com

«З глыбокім сумам паведамляю пра смерць майго бацькі. Апошнія некалькі гадоў ён змагаўся з хваробай Паркінсана і іншымі праблемамі са здароўем, але ніколі не дазваляў хваробе зламаць сябе. Для маёй сястры і трох маіх братоў тата быў капітанам каманды — ён кіраваў і абараняў нашу сям'ю кожны дзень, на кожным этапе дарогі», — напісаў Уэйн Грэцкі.

Уолтар Грэцкі нарадзіўся ў 1938 годзе ў горадзе Кэнінг канадскай правінцыі Антарыё. Яго бацька Цярэнці нарадзіўся на тэрыторыі Гродзенскай губерні і эміграваў з Расійскай імперыі перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Пісалі, што дзед размаўляў з Уэйнам па-беларуску.

Уолтар Грэцкі гуляў у хакей на юнацкім узроўні, але ў Нацыянальную хакейную лігу (НХЛ) прабіцца не змог. Да выхаду на пенсію ў 1991 годзе ён працаваў устаноўшчыкам і майстрам па рамонце абсталявання ў тэлефоннай кампаніі Bell Canada.