Паліттэхнолаг Паўлоўскі: Спачатку на ролю пераемніка Ельцына разглядаўся Нямцоў
Паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі, які супрацоўнічаў з Крамлём падчас другога прэзідэнцкага тэрміну Барыса Ельцына (1996-1999), раскрыў дэталі выбару ім свайго пераемніка. Пра гэта распавёў у інтэрв'ю Lenta.ru.
05.03.2021 / 08:09
«[Крытэры былі] толькі ў галаве ў Барыса Мікалаевіча. Наш падбор не граў ніякай ролі. Гэта было суверэннае рашэнне Ельцына, дзе ніякіх крытэраў не было, усё адбывалася явачным парадкам», — адзначыў Паўлоўскі.
Ён дадаў, што спачатку, у 1997 годзе, на ролю пераемніка высунуўся Барыс Нямцоў. «Мы займаліся яго раскруткай, і ўжо да лета 1997 года яго рэйтынг перавысіў рэйтынг [Генадзя] Зюганава.
Але тут пачалася вайна супраць яго з боку двух медыяалігархаў, якія кантралявалі тэлебачанне — [Уладзіміра] Гусінскага і [Барыса] Беразоўскага. Прыкладна за год яны яго знішчылі як кандыдата ў прэзідэнты», — распавёў Паўлоўскі.
Паўлоўскі распавёў, што затым пачаўся пошук Ельцыным пераемніка сярод сілавікоў — «інтэлігентных сілавікоў», першым з якіх быў Яўген Прымакоў, які ў 1990-х узначальваў Службу знешняй разведкі.
«Атрымалася так, што гэты інтэлігентны сілавік аказаўся занадта ўдалай знаходкай. Ён вельмі хутка стаў папулярны і павёў сябе незалежна ад Ельцына. Барысу Мікалаевічу гэта не падабалася», — растлумачыў паліттэхнолаг.
31 снежня 1999 года Барыс Ельцын абвясціў пра сваю адстаўку і прызначыў в.а. прэзідэнта тагачаснага прэм'ер-міністра, былога дырэктара ФСБ Уладзіміра Пуціна.