У Віцебску звальняюць Уладзіміра Мартава — рэаніматолага, які першым у Беларусі шчыра сказаў пра кавід
У Віцебску атрымаў апавяшчэнне аб непадаўжэнне працоўнага кантракту Уладзімір Мартаў — загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Доктар пацвердзіў Tut.by, што 2 красавіка «забірае працоўную кніжку».
02.03.2021 / 09:18
Уладзімір Мартаў. Фота Алеся Пілецкага, Tut.by
1 сакавіка Уладзімір Мартаў атрымаў апавяшчэнне ад адміністрацыі БХМД аб тым, што з 3 красавіка з ім не працягваюць працоўны кантракт — «у сувязі з заканчэннем тэрміну яго дзеяння». Уладзімір Мартаў пацвердзіў гэтую інфармацыю:
— 2 красавіка забіраю працоўную кніжку.
Медык адзначыў, што гэта для яго «чакана», але ён пакуль не гатовы гаварыць на гэтую тэму больш падрабязна.
Фота дакумента Tui.by далі віцебскія дактары
Уладзімір Мартаў стаў адным з першых дактароў у Беларусі, хто яшчэ ў красавіку 2020 года, калі ўлады запэўнівалі, што ніхто ад COVID-19 у нас не памірае, не пабаяўся заявіць, што праблема ёсць і яна сур'ёзная.
У маі мінулага года ён распавёў аб сваім вопыце лячэння хворых з каранавірусам у рэанімацыі.
У лістападзе доктар Мартаў даў вялікае інтэрв'ю Tut.by аб другой хвалі кавіду. Рэаніматолаг казаў, што канкрэтна Віцебск «палаў» ад інфекцыі менш, чым вясной, але сцэнары ў хваробы былі самыя розныя: паміралі і маладыя, і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. А для дактароў на новай «вайне» адкрыўся яшчэ і «другі фронт» — палітычны.