«На развітанне мы з сынам абняліся» — маці Рамана Бандарэнкі. ВІДЭА
Алена Бандарэнка, маці загінулага Рамана Бандарэнкі, напярэдадні суду над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным расказала Радыё Свабода, што робіць для таго, каб трапіць на гэты судовы працэс. Таксама Алена прыгадала, як прайшла яе апошняя сустрэча з сынам і чаму ён быў радасны і натхнёны падчас яе.
18.02.2021 / 09:48
Алена Бандарэнка, маці загінулага Рамана Бандарэнкі, напярэдадні суду над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным расказала, што робіць для таго, каб трапіць на гэты судовы працэс і чаму лічыць важнай сваю прысутнасьць на ім.
Таксама Алена ўзгадала, як яе сын праходзіў псыхалягічны тэст для працы ў спэцназе, як адбылася яе апошняя сустрэча з сынам за некалькі гадзін да нападу да яго, і чаму ён быў радасны і натхнёны падчас яе.
Пайшоў чацьвёрты месяц, як Раман загінуў, але крымінальную справу з нагоды яго сьмерці так і не завялі — праводзяць праверку. У межах якой у Алены Бандарэнкі няма ніякага статусу, яна ня лічыцца пацярпелай. «Відаць, яшчэ не прыйшоў час», — кажа жанчына.
2 сьнежня Алену Бандарэнку дапыталі ў Генпракуратуры, і падпісаны ёю пратакол ёсьць у матэрыялах расьсьледаваньня сьмерці Рамана. Пасьля таго допыту сьледчы папрасіў яе прыйсьці на допыт ужо ў справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна 8 сьнежня, аднак за дзень да яго Алене перадалі праз адваката, што нікуды ісьці ўжо ня трэба.
***
Суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага а 10-й раніцы. Працэс будзе праходзіць у Доме правасудздзя. Іх абвінавачваюць у «выдаваньні мэдыцынскай тайны, што прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК РБ).