У Мінску прыдумалі новую схему разводу на грошы. Чысцяць вентыляцыю за 165 рублёў
З мінчукоў пачалі браць грошы за паслугі па прачыстцы вентыляцыі. Гэта павінны праводзіць камунальныя службы бясплатна, і яны гэта робяць. Але апошнім часам у кватэры прыходзяць супрацоўнікі камерцыйнай арганізацыі, якія правяраюць вентыляцыю, праводзяць маніпуляцыі пры дапамозе нейкага прыбора і бяруць за гэта даволі немалыя сумы.
15.02.2021 / 11:30
Мінск-Навіны правялі расследаванне.
Адна з апошніх гісторый здарылася ў Кастрычніцкім раёне ў Курасоўшчыне.
Да пенсіянеркі, якая была адна ў кватэры дачкі, прыйшлі два незнаёмцы. Яны заявілі, што з'яўляюцца прадстаўнікамі фірмы-падрадчыка ЖКГ, якая займаецца праверкай вентыляцыі.
Мужчыны ўставілі ў вентыляцыйную адтуліну прыбор, патрымалі яго там некалькі хвілін і, перапісаўшы пашпартныя звесткі, прапанавалі ёй распісацца ў дамове і акце выкананых работ. Пажылая жанчына падпісала прапанаваныя паперы. Пазней аказалася, што гэта быў дагавор, па якому яна павінна заплаціць за чыстку вентыляцыі 165 рублёў. Прычым, мужчын не збянтэжыла, што пенсіянерка прапісаная па іншым адрасе і не з'яўляецца ўласнікам кватэры, дзе ў той момант знаходзілася.
Такіх фактаў у Мінску нямала. Мінск-Навіны папярэджваюць: ніякіх дадатковых плацяжоў за праверку і чыстку вентыляцыі жыллёвая гаспадарка не бярэ, усё гэта ўваходзіць у графу «тэхабслугоўванне» ў жыроўцы.
— За тым, каб сістэма вентыляцыі працавала спраўна, сочаць спецыялізаваныя арганізацыі на падставе дагавораў, заключаных з заказчыкамі — ЖКГ раёнаў. Раз у год яны ажыццяўляюць планавае абследаванне, пры неабходнасці вентшахты прачышчаюць. Таксама выязджаюць на скаргі і ліквідуюць непаладкі — гэтыя паслугі спецыялісты выконваюць у рамках дагаворных абавязацельстваў бясплатна для жыхароў. Ніякія іншыя арганізацыі не маюць права ўмешвацца ў працу ўнутрыдамавых інжынерных сістэм і вентыляцыі ў прыватнасці, а тым больш патрабаваць за гэта плату, — распавёў агенцтву намеснік генеральнага дырэктара МГЖКХ Вячаслаў Батура.