НЭПу канец: 5 высноў з «Усебеларускага народнага сходу»
12.02.2021 / 22:00
1. НЭПу канец — у прыватным бізнэсе вышэйшае кіраўніцтва пабачыла палітычную небяспеку.
Тры суразмоўцы «Нашай Нівы» з колаў вялікага бізнэсу пабачылі ў заявах Аляксандра Лукашэнкі на УНС адназначныя сігналы змены эканамічнага курсу. «Атмосфера преднационализации» — сфармуляваў адзін з іх.
«Многія думаюць, як бы не празяваць момант і паспець выехаць», — так ахарактарызаваў сітуацыю іншы.
Верагодна, нас чакае перыяд уцёкаў капіталу.
2. Незразумела, што будзе з ПВТ.
Нікому адтуль слова не далі. Маўчанне аб ПВТ можа быць знакам нявызначанасці ў гэтым пытанні.
Лукашэнка разумее нулявы ўзровень падтрымкі ўлады там, але дзякуючы ПВТ Беларусь прынамсі мае праграмістаў унутры краіны і валютныя паступленні. Знішчаць ПВТ — вялізны ўдар па тэхналагічным патэнцыяле дзяржавы. Гэта не тое самае, што забраць гіпермаркет у аднаго і аддаць другому.
3. Былі думкі, што пачнецца гандаль палітвязнямі, замест гэтага пачаўся гандаль нейтралітэтам — анансавана адмова ад імкнення да нейтралітэту і пераход да яшчэ большай долі Расіі ў гандлі.
Радыкалізавалася і рыторыка адносна «ўнутраных ворагаў». На Сходзе гэтым разам давалі слова ў тым ліку адкрыта беснаватай публіцы. Такое ўражанне, што нагнятаецца штучны канфлікт па ўкраінскім узоры.
4. Больш стала адкрытага падхалімажу і клятваў у вернасці.
Па канцэнтрацыі гэта нагадвала ўжо эпоху сярэдняга Брэжнева. А сам Лукашэнка гаварыў больш за 51% агульнага часу сходу. Усім астатнім аратарам дасталася менш часу, чым яму аднаму.
5. Анансаваныя змены ў Канстытуцыю і заканадаўства вядуць да замацавання сістэмы цэнтральнаазіяцкага тыпу.
Лукашэнка хацеў бы, каб яна перажыла яго, як гэта здарылася ва Узбекістане пасля Карымава.
Галоўны пасыл гэтага УНС наступны: не чакайце нічога новага, бо не дачакаеце.