«Хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду». Блогераў Кабанава і Пятрухіна выдалілі з суда над імі ж — РЭПАРТАЖ з закрытага пасяджэння

11 лютага пачаўся суд над брэсцкімі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым. Але іх судзяць не ў Брэсце і нават не ў Брэсцкай вобласці. Справу разглядае суд Кастрычніцкага раёна Магілёва.

11.02.2021 / 17:53

Пятрухін і Кабанаў — вядомыя блогеры і актывісты. Яны звярталі ўвагу на мясцовыя праблемы, выкладвалі ролікі на Ютубе, спрабавалі балатавацца ў дэпутаты. Абодвух затрымалі яшчэ ўлетку.

Кабанаў знік 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантролю па адбыцці каранціну. Блогер атрымаў 15 сутак, прапаў з ізалятара і ўрэшце знайшоўся ў Мінску на Валадарцы.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня ў вёсцы пад Пухавічамі, пасля чаго таксама адвезлі ў мінскае СІЗА. 

З таго часу блогераў утрымлівалі на Валадарцы. Праваабаронцы прызналі і Пятрухіна, і Кабанава палітвязнямі.

Блогерам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама іх вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады, а Сяргея Пятрухіна яшчэ і ў абразе суддзі.

Цяпер блогерам пагражае да 3 гадоў калоніі. 

Нягледзячы на тое, што суд праходзіць у Магілёве, людзі прыйшлі падтрымаць блогераў. З Мінска прыехалі былы і цяперашні лідары АГП Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў. 

Але ж — сюрпрыз! — адкрытае пасяджэнне аказалася па факце закрытым. Проста на лесвіцы ўсталі двое міліцыянтаў, якія аб'явілі людзям, што ў залу суда іх не пусцяць.

«Там дастатковая колькасць народу, зала запоўненая», — паведамілі міліцыянты. 

У выніку карэспандэнту «Нашай Нівы» атрымалася трапіць на працэс. Нікога з мясцовай незалежнай прэсы ці сяброў блогераў не пусцілі.

І так малую судовую залу забілі студэнтамі, якіх рассадзілі праз аднаго. Пятрухін і Кабанаў у клетцы, каля яе аж 4 міліцыянты ў бронекамізэльках. І гэта пры тым, што пасяджэнне праходзіць на паўпадвальным паверсе, яшчэ некалькі міліцыянтаў дзяжураць звонку ля дзвярэй, а выхады на лесвіцу замкнёныя на замкі!

Пятрухін у бадзёрым настроі, кажа студэнтам:

«Вы глядзіце, дзеткі, глядзіце. Вам яшчэ ў гэтай сістэме прыйдзецца працаваць — але спадзяюся, што і не». 

Пасля разважае ўслых: «Так, нам дадуць тры гады… Але ў калоніі лепш, чым у турме».

Кабанаў спакойны, але слухаючы развагі свайго сябра, пасміхаецца.

Сяргея Пятрухіна абараняе адвакатка Ірына Точкар, Аляксандра Кабанава — адвакатка Галіна Азоліна.

На пачатку працэсу Сяргей Пятрухін заявіў адвод і суддзі Вользе Краўчанка, і дзяржабвінаваўцу. Натуральна, гэтыя хадайніцтвы не задаволілі. Пасля адводы заявіў і Аляксандр Кабанаў. 

«Ёсць народная мудрасць: сумленне — найлепшы кантралёр. Вы — і абвінаваўца, і суддзя — працягнулі мне тэрмін знаходжання пад вартай, — прамовіў Кабанаў. — У кагосьці пачуццё самазахавання перамагло сумленне. Я і Пятрухін — невінаватыя, але замест таго, каб разабрацца, вы нам працягнулі тэрмін пад вартай. Значыць, альбо на вас ідзе ціск, альбо вы некампетэнтныя. А такім людзям я не магу даверыць разгляд маёй справы.

Ды і паглядзіце, як праходзіць працэс: не пусцілі прэсу, не пусцілі блізкіх, якія адмыслова ехалі сюды, а нагналі студэнтаў і зладзілі цырк».

Таксама ён дадаў:

«Пракуратура не завяла справу пасля фальсіфікацый на выбарах, таксама за 20 гадоў так і не знайшлі забойцаў Захаранкі. Адпаведна, следчыя органы і пракуратура — прафнепрыдатныя. Адпаведна, я заяўляю адвод абвінаваўцу ў сувязі з прафнепрыдатнасцю». 

Суддзя выйшла, каб прыняць рашэнне. Пакуль цягнуўся перапынак, Пятрухін прапанаваў студэнтам: «Хочаце, распавяду пра турму, каб не баяліся?»

Але ж моладзь чамусьці не адгукнулася на прапанову.

Чакана, што хадайніцтвы Кабанава таксама не задаволілі.

Затым суддзя занялася разглядам хадайніцтваў, якія папярэдне паступілі ў суд поштай.

Сяргей Пятрухін 24 студзеня прасіў прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы суда.

«Мне трэба пераканацца, што мяне судзіць законна створаны суд. Кім і калі створаны суд Кастрычніцкага раёна Магілёва? Нейкі дэкрэт ці пастанову, кім і калі створаны суд, вось што я прашу прадаставіць», — растлумачыў на працэсе Пятрухін. 

Кабанаў падтрымаў хадайніцтва, пракурор — не. Суддзя Краўчанка хадайніцтва не задаволіла — «гэта не тычыцца абставін справы, якая разглядаецца».

У наступным хадайніцтве Пятрухін просіць даць прававую ацэнку свайму затрыманню. Суддзя, спачатку не агучыўшы цалкам хадайніцтва, спытала, ці падтрымлівае яго сам абвінавачаны.

«Дачытайце, там усё напісана. Вы не разумееце беларускую ці ў мяне дрэнны почырк?» — прамовіў блогер.

Пракурорка папрасіла зрабіць Пятрухіну заўвагу, суддзя Краўчанка гэтую заўвагу вынесла.

І апошняе хадайніцтва Пятрухіна, дасланае поштай: аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе ці хатні арышт.

Пятрухін таксама выказаўся, каб і гэтае яго хадайніцтва зачыталі цалкам:

«Бо ў ім падрабязна распісана пра следства, пра тое, як у турме ціснулі на мяне, не даючы лістоў. Зразумейце — мяне судзяць за тое, што я кажу. Бо я казаў: не бойцеся, давайце выбіраць сабе новага прэзідэнта. А нейкай іншай небяспекі, небяспечных дзеянняў я з сябе не ўяўляю. У мяне малы сын, якога я выхоўваю ў любові да гісторыі і мовы, і збягаць я нікуды не збіраюся. Хаця б таму, што мяне паўсюль ведаюць».

Але абодва хадайніцтвы блогера суддзя Краўчанка не задаволіла.

Пятрухін не спыніўся і заявіў яшчэ адно хадайніцтва.

«Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва падпарадкоўваецца Магілёўскаму абласному суду.

Але Магілёўскі абласны суд не мае даты рэгістрацыі як юрасобы і не мае звестак аб рэгіструючым органе, то-бок не можа выконваць юрыдычную дзейнасць, — сказаў Сяргей. — Гэты суд існуе, але належным чынам ён не створаны — паводле заканадаўства, ён не можа ажыццяўляць сваю дзейнасць».

Сваё хадайніцтва Пятрухін папрасіў далучыць да справы. Таксама ён папрасіў прадаставіць яму дакументы з юрыдычнымі абгрунтаваннямі працы і дзейнасці суда Кастрычніцкага раёна.

«Я ж хачу, каб усё было па законе ў нашай краіне, у нашай любімай Беларусі», — сказаў ён.

Рашэнне суддзі нікога не здзівіла: хадайніцтва блогера да справы далучаць, але ніякіх звестак прадастаўляць ніхто не будзе. 

Але і гэта было не ўсё.

«Вытворчасць па справе вядзецца на беларускай ці рускай мове. Я прашу разглядаць маю справу на маёй роднай беларускай і, падкрэсліваю, дзяржаўнай мове!» — заявіў наступнае хадайніцтва Пятрухін.

Пракурорка выказалася супраць: маўляў, і ў школе абвінавачаны вывучаў рускую, і ва ўніверсітэце адвучыўся адзін курс на настаўніка рускай мовы. Акрамя таго, вёў сацсеткі, здымаў ролікі і падчас следства гаварыў на рускай мове. Значыць, рускай валодае ў поўнай меры.

Хадайніцтва не задаволілі, канечне. 

«Дзякуй. Расія ў Магілёве ўжо», — сказаў Пятрухін, за што атрымаў яшчэ адну заўвагу ад суддзі.

«Суд робіць вам афіцыйнае папярэджанне, каментары свае выказваць не трэба. Паўторнае парушэнне парадку пасяджэння — і вы будзеце выдаленыя», — паведаміла яму суддзя Краўчанка.

Пасля чаго няўрымслівы Пятрухін заявіў яшчэ адно хадайніцтва: папрасіў прадаставіць яму службовае пасведчанне суддзі.

Адказ суддзі чаканы: хадайніцтва да справы далучылі, але не задаволілі.

«Хачу зрабіць заяву. Тое, што адбываецца, парушае мае законныя інтарэсы. Прашу, каб людзі, якія сядзяць у зале і не маюць ніякага дачынення да мяне ці Кабанава, выйшлі і саступілі месцы нашым блізкім і прэсе. Ці знайдзіце вялікую залу, альбо можна нават клуб ці ДК. 

Калі вы адмовіцеся — я проста буду маўчаць і нічога не казаць, пратэстуючы такім чынам», — сказаў Пятрухін. 

Аляксандр Кабанаў падтрымаў хадайніцтва і дадаў: «Аб’яўлены год народнага адзінства, а з нас і нашых сваякоў працягваюцца здзекі. Калі гэта не спыніцца — я не буду скакаць пад вашу дудку. Выдаляйце мяне з залы і хоць расстрэльвайце — я тут стаяць не буду».

Пракурорка заявіла, што ўсё законна, маўляў, людзі ў зале нічога не парушаюць, усё іншае адбываецца ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай.

«Вы прафнепрыдатны чалавек, вам не месца ў пракуратуры». 

Пракурорка зноў папрасіла зрабіць заўвагу Пятрухіну. Суддзя зрабіла, а пасля хадайніцтва адхіліла.

Тады слова ўзяў Кабанаў: «Праводзьце пасяджэнне без нас. Збярыце лепш тройку. А мы просім канвой адвесці нас у камеру — будзе сацыяльнае дыстанцыяванне».

Суддзя Краўчанка адмовіла ў задавальненні хадайніцтва.

«Навошта вы нас правакуеце? Хочаце, каб мы пачалі парушаць парадак і вы нас выдалілі?», — спытаў Кабанаў.

Выдаліць яго з залы суда папрасіў і Пятрухін. Адказ: не задаволіць хадайніцтва.

«Сядайце», — сказала суддзя.

Кабанаў і Пятрухін працягнулі стаяць.

«Хай нас судзіць тройка», — сказаў Пятрухін.

«Займіце свае месцы!», — сказала суддзя.

«Выдаліце нас з залы суда!»— адказалі абвінавачаныя.

«Ці давайце зробім перапынак, мы параімся з адвакатамі», — прапанаваў Пятрухін.

Суддзя пасля гэтага выдаліла Пятрухіна.

«Хлопцы, падпісвайцеся на «Народны рэпарцёр»!» — крыкнуў ён студэнцікам на развітанне. 

А суддзі сказаў: «Дай вам бог здароўечка. Не забудзем».

«Яшчэ хадайніцтвы?» — спытала суддзя Краўчанка.

«Выдаліце мяне, — сказаў Кабанаў. — Справа палітычна матываваная, вы не маеце права трымаць нас пад арыштам і судзіць. Прашу яшчэ раз: выдаліце мяне адсюль. Не мае ніякага значэння, тут я ці не. Навошта мне тут знаходзіцца? Прыехалі сваякі — іх сюды не пусцілі, журналісты прыехалі — іх не пусцілі, а нагналі дзяцей. Што вы ім паказваеце? Брава!

Выдаліце мяне з гэтага канцэрта!»

Пракурорка нарэшце падтрымала гэтае хадайніцтва — але суддзя адмовіла. Кабанава пакінулі ў зале суда.

«Яшчэ хадайніцтвы?»

«Прашу выдаліць мяне з залы суда! — паўтарыў Кабанаў. — Буду заяўляць, пакуль мяне не выдаляць».

Суд пастанавіў выдаліць Кабанава. Але не задаволіць хадайніцтва, а выдаліць яго за парушэнне парадку судовага пасяджэння.

Аляксандру Кабанаву надзелі кайданкі і вывелі яго з залы суда.

«Да пабачэння», — сказаў перад выхадам ён.

На гэтым усё скончылася. Працяг — у 9.30 16 лютага. 

Улад Швядовіч