Спрабаваў спыніць машыну ДАІ, каб яна не заехала ў людзей. На тры гады асудзілі прадпрымальніка Івана Канявегу
У судзе Заводскага раёна Мінска разгледзелі крымінальную справа ў дачыненні да Івана Канявегі — індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара канцэртнага агенцтва Horse&Vega. З 17 снежня 2020 год ён знаходзіўся пад вартай. Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах КК па падзеях у сталіцы з 9 на 10 жніўня: па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), ч. 1 арт. 218 КК (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, піша spring96.org.
04.02.2021 / 12:09
Фота з сацыяльных сетак
Паводле тэксту абвінавачвання, ноччу 10 жніўня, з 00:40 да 00:45, Канявега з групай грамадзян выйшаў на праезную частку на скрыжаванні вул. Багдановіча-Купалы-Старажоўскай, што прывяло да парушэння працы транспарту. Сваімі дзеяннямі ён перашкаджаў дзейнасці органаў правапарадку, з яго боку зыходзіла пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да іх. Таксама ён нанёс не менш за два ўдары рукамі па задняй арцы і шкле службовага аўтамабіля ДАІ. У гэты час Іван Канявега быў цвярозы.
Абвінавачаны не прызнаў сваёй віны ні па адным з прыпісаных яму артыкулаў. Адзінае, што ён прызнаў, — гэта тое, што ён удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Канявега адмаўляў, што ў яго быў злачынны намер і што ён нібыта ўжываў гвалт. З яго слоў, ён наадварот казаў іншым грамадзянам паводзіць сябе мірна.
На судзе ён сказаў, што сапраўды спрабаваў спыніць машыну ДАІ, бо баяўся, што яна на вялікай хуткасці заедзе ў натоўп людзей, якія знаходзіліся на дарозе. Ён два разы ўдарыў рукой па машыне ззаду злева для прыцягнення ўвагі супрацоўнікаў ДАІ. На машыне засталіся адбіткі яго пальцаў, па якіх пазней яго і ідэнтыфікавалі.
Іван Канявега пагасіў палову сумы нанесенай шкоды за рамонт аўтамабіля ДАІ (астатнія 50% — іншы абвінавачаны па прозвішчы Луковіч). Абвінавачаны папрасіў прабачэння перад супрацоўнікамі ДАІ і раскаяўся ў сваіх дзеяннях.
На судзе далі паказанні два інспектара ДАІ, па справе прызнаныя пацярпелымі, — Раманоўскі і Раткевіч. Згодна з іх паказаннямі, «натоўп акружыў іх машыну, людзі кідалі ў іх пластыкавыя бутэлькі з вадкасцю, білі нагамі, рукамі і іншымі часткамі цела па машыне, нанеслі шмат пашкоджанняў». Па іх словах, у той момант ім стала страшна за сваё жыццё і таму яны з'ехалі. Пры гэтым «напад» на машыну доўжыўся хвіліну-паўтары. Ніякіх траўмаў супрацоўнікі ДАІ не атрымалі, а толькі спужаліся.
Абодва пацярпелыя заявілі грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 і 400 рублёў. Раманоўскі не змог толкам патлумачыць, чаму менавіта на такую суму, сказаў, што «за перажыванні аб пашкоджанай машыне і магчымым развіцці падзей». Раткевіч жа патлумачыў неабходнасць кампенсацыі тым, што пасля інцыдэнту ў яго пачалася бессань. Грошы яны хочуць перадаць дзіцячаму дому.
Пацыфіст, любіць жывёл, распрацаваў прыладу, каб дапамагчы бацьку
У першы дзень судовага пасяджэння выступілі шэсць сведак з боку абвінавачанага — сябры і сваякі Івана. Яны распавядалі аб яго станоўчых якасцях. Так, Іван супрацоўнічае з грамадскай арганізацыяй «Добрая справа» (дапамога сем'ям з аўтызмам), Unisef і іншымі грамадскімі і дабрачыннымі арганізацыямі. Ён дапамагае людзям і ратуе бяздомных жывёл, часта нават на апошнія грошы. Акрамя таго, ён не толькі арганізатар канцэртаў, але і бізнэс-аналітык, і SEO-аптымізатар. Ён пацыфіст, цікавіцца экалогіяй, вельмі любіць музыку.
Родныя распавялі пра тое, што бацька Івана ў 2014 годзе перанёс інсульт. Калі гэта здарылася, Іван жыў за мяжой, але ўсё пакінуў і вярнуўся ў Беларусь, каб даглядаць бацьку, вазіць яго па дактарах і дапамагаць яму.
Спецыяльна для бацькі і людзей з парушэннем маўлення, якія перанеслі інсульт, на свае сродкі распрацаваў мабільную прыладу — праграму для аддаленай працы з лагапедам. У рамках гэтай праграмы ён супрацоўнічае з цэнтрам паталогіі маўлення ў Маскве, лагапедам Заводскага раёна Мінска і з 11-й бальніцай у Мінску.
Да справы былі таксама далучаныя станоўчыя характарыстыкі і падзякі ад кліентаў і кампаній, з якімі ён супрацоўнічаў.
На наступны дзень, 3 лютага, у судзе былі вывучаныя відэаматэрыялы крымінальнай справы. З іх, напрыклад, відаць, што ад моманту спынення машыны ДАІ да моманту, калі яна працягнула рух, прайшло не больш за 8 секунд, хоць Раманоўскі сцвярджаў, што прайшла мінімум хвіліна. Таксама, згодна з відэаматэрыяламі, перад тым, як спыніць машыну ДАІ, натоўп людзей прапусціў іншую звычайную машыну. Канявега патлумачыў, што перад гэтым супраць людзей выкарыстоўваліся спецсродкі (святлошумавыя гранаты, стральба), таму яны і спынілі машыну ДАІ.
Падчас спрэчак бакоў пракурор адзначыў, што абвінавачваннем не выяўлена абцяжарвальных абставін. Але пры гэтым ён запрасіў для Івана Канявегі 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Адвакат адзначыў, што пляскач па машыне не супастаўны з трыма гадамі пазбаўлення волі. Там, дзе ёсць адбіткі рук Канявегі, няма пашкоджанняў на машыне. Іван не блакаваў дарог, не выходзіў на праезную частку з мэтай перашкодзіць руху транспарту.
Ён не выяўляў агрэсіі да супрацоўнікаў міліцыі. Усё, што адбылося, — гэта недарэчны збег абставін. Адвакат прасіў улічыць шматлікія станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага, сталы ўзрост яго бацькоў і інваліднасць бацькі.
У апошнім слове Іван Канявега сказаў, што ў яго дзеяннях не было намеру і агрэсіі ў дачыненні да супрацоўнікаў. Ён заўсёды з'яўляўся на допыты і не хаваўся ад следства. У выпадку пазбаўлення волі ён не зможа выканаць сваіх абавязкаў па арганізацыі перанесеных з 2020 года канцэртаў, а праект мабільнай прылады будзе на паўзе. Ён яшчэ раз папрасіў прабачэння ў пацярпелых і выказаў падзяку за тое, што яны вырашылі перадаць грошы ў дзіцячы дом.
Родныя Канявегі ў гэты ж дзень аплацілі 900 рублёў, якія запрасілі супрацоўнікі ДАІ у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Пасля гэтага пацярпелыя адмовіліся ад іскавых патрабаванняў.
4 лютага суддзя Кацярына Мурашка агучыла прысуд: 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.