Больш за палову ўстаноў Гомельскай вобласці, размешчаных на «Куфары», прадаюцца з-за пераезду гаспадароў
У студзені з'явілася інфармацыя аб продажы адной з устаноў грамадскага харчавання Светлагорска. Прычына продажу — пераезд гаспадароў у іншую краіну. Пасля аналізу ўсіх падобных аб'яў высветлілася, што больш за палову ўстаноў усёй Гомельскай вобласці, размешчаных на kufar.by, прадаецца па прычыне змены месца жыхарства ўласнікаў. Гэта сем аб'ектаў з дванаццаці, піша lovesun.by.
03.02.2021 / 18:38
Чатыры ўстановы грамадскага харчавання знаходзяцца ў Жлобіне і па адным у Светлагорску, Гомелі і Рэчыцкім раёне.
«Марвел бургер» у Гомелі
У абласным цэнтры тэрмінова прадаецца кавярня. Дызайн установы распрацаваны ў стылістыцы амерыканскіх коміксаў.
За свой бізнэс уласнік хоча 34 тысячы рублёў.
«Усё працуе. Рамонт свежы […] ТЭРМІНОВА прадаю ў сувязі з пераездам».
Сетка устаноў у Жлобіне
Тры ўстановы з нядрэннымі лакацыямі прадаюцца ў Жлобіне. Уласнік кажа аб добрай даходнасці і зусім невысокім кошце продажу, каб «вярнуць укладанні».
«Проста запускайце і лавіце хайп»
У Жлобіне прадаецца яшчэ адна, але ўжо зусім новы кіёск з распрацаваным меню, дызайнам і лагатыпам. Аб'ект яшчэ нават не адкрыўся, але ва ўласніка знікла жаданне займацца гэтым бізнэсам.
«Ёсць усё неабходнае для старту […] плошча «Купавы» 50 кв. м. Гэтак жа тэрыторыя агароджаная +50 кв. м. Размешчана ў адным з найлепшых месцаў горада, гэта цэнтр, вельмі высокі трафік праходнасці».
Кафэ «Максім» пад Рэчыцай
Прыдарожнае кафэ плошчай 450 кв. метраў. Некалькі залаў. Усё неабходнае абсталяванне і тысячы кліентаў за 16 гадоў працы.
Усё гэта прадаецца за $300 тысяч «ў сувязі з пераездам ўладальніка на іншае месца жыхарства».
Rock Star у Светлагорску
Мабільная бургерная адкрылася летам, аднак ужо цяпер бізнэс прадаецца і таксама з-за пераезду.
За 26 тысяч рублёў новаму гаспадару дастанецца цалкам абсталяваны павільён, тэхналагічныя карты, спіс пастаўшчыкоў, Instagram-акаўнт і запамінальны нумар тэлефона для замовы дастаўкі.