Давыдзька: На жаль, бел-чырвона-белы сцяг вельмі прыгожы. Але логіка ў яго забароне ёсць
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, акцёр, былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў каментары «НН» падзяліўся сваім стаўленнем пра ініцыятыву Генеральнай пракуратуры прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім.
01.02.2021 / 16:52
«Складанае пытанне, сапраўды складанае. Але калі экстрэмісты выкарыстоўваюць гэты сімвал, каб разбураць дзяржаву, то, пэўна, трэба прызнаваць яго экстрэмісцкім.
Логіка ў такім рашэнні ёсць. Вы зразумейце, колеры і тканіна не вінаватая, хто і як іх выкарыстоўвае. У бел-чырвона-белага сцяга спрэчная гісторыя, але некаторыя нашы грамадзяне ўзялі яго ў якасці «сімвала будучыні», нават лічаць яго святыняй. Так бывае, на жаль.
Аднак, памятаеце, на будынку Купалаўскага тэатра гэты сцяг вісеў побач з фашысцкай свастыкай, маіх родзічаў знішчылі ў вёсцы Папоўка Сенненскага раёна з гэтымі павязкамі на рукавах. Пад чырвонымі сцягамі таксама шмат чаго рабілася. Мне здаецца, што гісторыкі павінны быць асноўнымі ў прыняцці такіх рашэнняў.
Палітычная сітуацыя ўсё ж намагае таго, каб захаваць дзяржаву, каб спыніць гэтую бязглуздзіцу, можа, і маюць рацыю тыя, хто хочуць забараніць сцяг».
Мы ўдакладнілі ў спадара Генадзя, дык можа варта не забараняць, а весці асветніцкую працу, пераконваць людзей.
«Асветніцкую працу будуць весці «недзяржаўныя арганізацыі», якія фінансуюцца з-за мяжы. Вы не ўяўляеце колькасць грошай, якія пойдуць зараз на разбурэнне нашай дзяржаўнасці праз дэмагогію пра дэмакратыю і развіццё грамадства.
Ідзе вайна, і ў такой бойні трэба прымаць рашэнні, прадухіляючы страты незалежнасці і дзяржаўнасці. Тут магчымыя нават некаторыя перагібы, і я на баку тых, хто будзе дзейнічаць у абарону дзяржавы».
Напрыканцы мы пацікавіліся ў дэпутата ягоным асабістым стаўленнем да бел-чырвона-белага сцяга.
«На жаль, ён вельмі прыгожы», — адзінае, што дадаў Давыдзька.