Скандал у «Гавары праўду»: з арганізацыі выйшаў заснавальнік Вазняк, ён назваў Караткевіч «лукашысткай»

Кастрычніцкі з’езд «Гавары праўду» прайшоў вельмі горача. Яго падрабязнасці даходзяць толькі цяпер.

29.01.2021 / 17:20

Водгуллем таго з’езда стала тое, што арганізацыю пакінуў яе заснавальнік, былы палітвязень Сяргей Вазняк (ён заадно адзін з членаў ЦК партыі «Справядлівы свет»). У чым прычына скандалу? Вазняк не быў задаволены працай Таццяны Караткевіч у якасці сустаршыні «Гавары праўду», таму вылучыў сваю кандыдатуру.

На першым этапе з’езда ў верасні Андрэя Дзмітрыева пераабралі сустаршынёй, а вось ні Караткевіч, ні Вазняка не змаглі абраць, ніхто з іх не набраў большасці. У кастрычніку гэтае пытанне зноў ставілі на павестку з’езда, але дэлегаты прынялі рашэнне ўвогуле не галасаваць па сустаршынях, а прагаласаваць за «працягненне паўнамоцтваў ранейшых кіраўнікоў».

Вазняк лічыць, што тым самым парушаныя асновы дэмакратыі. У лісце, які ён разаслаў сябрам арганізацыі, ён не абірае словаў і называе Караткевіч «лукашысткай».

«Наша Ніва» спытала ў Вазняка пра яго пазіцыю.

Таццяна Караткевіч і Аляксандр Лукашэнка.

«Так, Таццяна Караткевіч лукашыстка, бо яна спалохалася працэдуры галасавання. Для мяне гэта вельмі дзіўна. Тым больш, што Дзмітрыеў прайшоў працэдуру абрання. Калі мы за дэмакратыю, то павінны пачынаць з сябе. Гэта не дастойна для лідара арганізацыі — баяцца выбараў ва ўласнай арганізацыі.

Можна колькі заўгодна гнабіць Сталіна, але фармальна працэдуру абрання на з’ездах КПСС ён праходзіў. Хаця ён тыран, і я да яго ў цэлым негатыўна стаўлюся. Але фармальная працэдура была! Нават у Лукашэнкі такая працэдура ёсць раз на пяць гадоў. А тут узялі — і адмянілі! Людзі на з’ездзе проста стаміліся і прагаласавалі так, каб хутчэй разысціся.

Лідарам трэба не лічыцца, а ім быць, пацвярджаць гэта пастаянна, а не час ад часу. Караткевіч фармальна была кіраўніком ініцыятыўнай групы Дзмітрыева на выбарах 2020 года, але ў рэальнасці працу вялі іншыя людзі, у тым ліку і я. Я наўпрост казаў, што мяне не задавальняе, як Таццяна выконвае свае абавязкі сустаршыні. А то ў нас адзін робіць усё [Дзмітрыеў], а іншая — нешта час ад часу. Гэта не ідэалагічны канфлікт, мы аднолькава ўсё ацэньваем, проста рабочы момант.

Мой выхад з «Гавары праўду» з гэтым наўпрост не звязаны. Я ўжо казаў Андрэю Дзмітрыеву перад выбарамі прэзідэнта, што гэта ўжо мая апошняя кампанія, і я буду сыходзіць з кіраўнічых пасадаў. Трэба рыхтавацца да палітычнай пенсіі, я ўжо амаль 30 гадоў барацьбе аддаў. Я працягваю дапамагаць Андрэю Дзмітрыеву, але ў якасці валанцёра».

Іншы сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў так ацаніў канфлікт: «Шкада, што Сяргей прыняў такое рашэнне. Я лічу, што гэта эмацыйны і памылковы ўчынак. Мы ўсе цяпер на нервах — гэта жыццё. Для мяне каманда — гэта месца, дзе ёсць розныя меркаванні, але мы выслухоўваем адно аднаго і шукаем паразумення».

Сяргей Вазняк застаецца ў партыі «Справядлівы свет».

ЗП