Паліцыі ўдалося ўзяць пад кантроль хакерскую сетку Emotet
Паліцыя канфіскавала тысячы камп'ютараў, якія забяспечвалі дзейнасць адной з самых небяспечных хакерскіх сетак свету.
28.01.2021 / 15:26
Фота Depositphotos.com
Сетка Emotet атрымлівала доступ да камп’ютараў іншых людзей праз шкодныя ўкладанні ў электронных лістах. Затым доступ прадавалі кіберзлачынцам для атак шкодным праграмным забеспячэннем, піша BBC.
Emotet называюць самым небяспечным ботнэтам у свеце за апошняе дзесяцігоддзе.
Над расследаваннем па справе Emotet працавала паліцыя Вялікабрытаніі, ЗША, Канады і краін ЕС.
Першапачаткова Emotet быў банкаўскім траянам, прызначаным для адсочвання чужых камп’ютараў і крадзяжу звестак карыстальнікаў. За апошнія гады дзейнасць сеткі значна пашырылася. Ахвяры атрымлівалі па электроннай пошце лісты з дакументам Word. Пры адкрыцці трэба было актывізаваць функцыю «ўключыць макрасы», што прадастаўляла доступ да камп’ютара кіберзлачынцам.
Праваахоўным органам удалося ўзяць пад кантроль серверы Emotet і парушыць працу сеткі, а гэта значыць, што злачынцы больш не могуць здзяйсняць свае кібератакі.