Як будзе выглядаць элітны квартал на месцы былога тралейбуснага дэпо ля плошчы Перамогі ФОТА

У межах вуліц Кісялёва, Чырвонай, праспектаў Машэрава і Незалежнасці ва ўсю вядзецца будаўніцтва жылога комплексу бізнэс-класа, паведамляе забудоўшчык — «А-100 Дэвелапмент». Кампанія нарэшце паказала праект новага квартала ў цэнтры Мінска. 

22.01.2021 / 15:16

Квартал спраектаваны маскоўскім архітэктарам Сяргеем Скуратавым і будзе складацца з маналітных дамоў на 554 кватэры. Максімальная вышыня будынкаў — 5-7 паверхаў. Такое рашэнне прынята, каб не парушаць панараму праспекта.

У жылым комплексе пабудуюць падземны паркінг з месцамі для зарадкі электрамабіляў. Двары пры гэтым будуць закрытымі, а пешаходная вуліца з крамамі, рэстаранамі і арт-прасторай адкрытая для ўсіх ахвотных. З'явіцца і свой прыватны дзіцячы сад. Квартал «прарэжа» праменад са штучнай сажалкай. 

Першымі пабудуюць дамы ў раёне існуючага будынка на вуліцы Кісялёва, 4 — іх здадуць ўжо ў 2022 годзе, таму ўжо стартавалі продажы кватэр і пентхаусаў. Самыя кампактныя кватэры з адной спальняй — ад 55 кв. м., а топавыя пентхаусы зоймуць больш за 200 «квадратаў». На першапачатковым этапе кошт квадрата складае ад $3,5 тысячы ў эквіваленце.

Nashaniva.com