Дзяўчыне, што распісала шчыты ля Палаца Незалежнасці, далі два гады калоніі. Яе хлопцу — паўтара
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 22 студзеня былі вынесеныя прысуды Сафіі Малашэвіч і Ціхану Клюкачу. Яны прызнаныя вінаватымі па ўсіх артыкулах.
22.01.2021 / 14:35
Фота Надзеі Бужан
Сафія атрымала два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Ціхан — год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такое пакаранне і прасіў пракурор, паведамляе spring96.org.
Іх абвінавацілі ў тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароды на акцыі пратэсту шостага верасня (ч. 2 арт. 339 КК РБ), а таксама ўдзельнічалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Акрамя таго, Сафіі Малашэвіч выставілі абвінавачанне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).
Падчас суда абвінавачанне адмовілася ад абвінавачання Ціхана Клюкача па ч. 2 арт. 339. Пракурор запрасіў для хлопца адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (па ч. 1 арт. 342).
Абвінавачанне таксама перакваліфікавала ч. 2 арт. 339, згодна з якой абвінавачваюць Сафію Малашэвіч, на ч. 1 арт. 339. Такім чынам, шляхам складання пакаранняў па трох артыкулах (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 339) для яе пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Працэс вяла суддзя суда Кастрычніцкага раёна Вольга Няборская. Дзяржабвінаваўца — Ульяна Рудніцкая.