18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе
16.01.2021 / 15:54
Сярод чатырох соцень зняволеных за палітыку ў Беларусі — трое зусім маладых, 18-гадовых. Дваіх з іх, Сафію Малашэвіч з Мазыра і Ціхана Клюкача з Брэста, акурат цяпер судзяць. Падчас следства Ціхан браў віну на сябе, спадзеючыся такім чынам адвесці падазрэнні ад дзяўчыны. Беспаспяхова: і яго, і яе не вызвалілі.
Абвінавачваюць іх у нанясенні 6 верасня надпісаў з балончыка на шчыты сістэмы «Рубеж», якую выставілі супраць мірных дэманстрантаў у Мінску, што пратэставалі супраць фальсіфкацыі выбараў і беззаконня.
У іншых еўрапейскіх краінах за такое дзеянне пагражала б максімум адміністрацыйнае пакаранне, кажуць праваабаронцы. І Ціхана, і Сафію прызналі палітычнымі вязнямі.
Як і многія палітвязні, Ціхан — шматбакова адораны чалавек. Ён яшчэ і малюе.
Вось якія малюнкі атрымаў у лісце ад Клюкача берасцеец Ігар Бараноўскі, які, так супала, сядзеў разам з ім нейкі час у Столінскім ІЧУ.
Сярод малюнкаў — партрэт кіраўніка Паўстання 1863-64 гадоў Кастуся Каліноўскага. Малюе Ціхан на тых аркушыках, якія толькі яму даступныя.
Напісаць ці адправіць тэлеграму Ціхану Клюкачу можна на адрас: Следчая турма 8, вуліца Савецкая 22а, Жодзіна 222163.
«Справы ў мяне нядрэнна, — піша Ціхан Клюкач. — настолькі нядрэнна, наколькі гэта ўвогуле можа быць у гэтых сценах. Горш за ўсё тое, што няма магчымасці чытаць, бо не даюць перадаць кнігі», — піша Клюкач у лісце.