МУС: Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплачвалі штрафы затрыманых дэманстрантаў
Намеснік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч пракаментаваў затрыманне 12 студзеня медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыны Ірыны Злобінай.
15.01.2021 / 15:12
Міліцыя апублікавала аўдыя допыту Аляксандрава. Той прызнаецца, што дапамагаў фонду BYHELP і з атрыманых грошай аплаціў каля 250 штрафаў дэманстрантаў.
Міліцыя трактуе гэта яе «фінансаванне пратэснай дзейнасці».
Адзначаецца, што грошы пакідаліся ў схованках, адкуль Аляксандраў узяў больш за 100 тысяч даляраў ЗША і еўра.
Сувязь з журналістам і медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым і Ірынай Злобінай прапала днём у аўторак, 12 студзеня. Толькі на наступныя суткі высветлілася, што Аляксандраў знаходзіцца ў статусе падазраванага, а затрыманы «ў сувязі з высвятленнем дачынення да дзеянняў у Мінску, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ірына знаходзілася на Акрэсціна.
У чацвер, 14 студзеня, у офісе БелаПАН, намеснікам гендырэктара якога ў 2015-2018 гг. быў Аляксандраў, прайшоў вобшук, былі канфіскаваныя вінчэстары.