«Гуляў з агнём і апёкся». Фазэль гаварыў з Лукашэнкам пра палітвязняў і дыялог

Па выніках паездкі Рэнэ Фазэля ў Мінск сёння адбылася канферэнцыя Рады Міжнароднай федэрацыі хакея. Вось кароткія тэзісы, агучаныя віцэ-прэзідэнтам ІІХФ Калерва Кумалам.

13.01.2021 / 00:58

Рэнэ Фазэль не рады публікацыяй свайго фота з Лукашэнкам, у выніку якога ён апыныўся пад агнём крытыкі

— Пасля сустрэчы з Лукашэнкам Фазэль апынуўся пад наймацнейшым ціскам з боку швейцарскай прэсы.

— Фазэль абмяркоўваў розныя тэмы, у тым ліку і палітвязняў. Па адных пытаннях атрымаў станоўчы адказ, але па галоўных [якіх канкрэтна, невядома — НН] — катэгарычную адмову.

— Кіраўнік ІІХФ шакаваны публікацыяй фота з Лукашэнкам. Планавалася, што сустрэча пройдзе без журналістаў.

— Канчатковае рашэнне будзе агучанае не пазней за 27 студзеня. Па словах Кумалы, аптымальны варыянт на сёння — правядзенне турніру толькі ў Латвіі.

Сам Фазэль таксама пракаментаваў свой візіт у Мінск:

— Пра фота з Лукашэнкам: «Карцінка можа каштаваць тысячы слоў. <…> Прашу прабачэння, калі падалося, што такім чынам я выказваю сваю згоду з падзеямі і рэпрэсіямі ў Беларусі. <…> У мяне з Лукашэнкам добрыя адносіны ўжо 20 гадоў. Я хацеў выкарыстаць гэта, каб зрабіць нешта добрае. Прыкладна такое, што чэмпіянат свету па хакеі вядзе да своеасаблівага прымірэння ўлады і апазіцыі, пратэстуючых. Атрымалася крыху па-дурному, мне таксама няёмка».

— Пра чэмпіянат свету ў Беларусі: «Правесці чэмпіянат свету — наш абавязак. <…> Таму мы сказалі сабе: чаму б не паспрабаваць пераканаць прэзідэнта Лукашэнку, што ён можа паслаць сігнал чэмпіянатам свету? А менавіта, што ён імкнецца да дыялогу з апазіцыяй.

Уявіце, калі мы зараз адмяняем чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі: гэта нешта зменіць у краіне? Вядома ж, не.

Сам Лукашэнка заявіў, што хоча змяніць канстытуцыю, што ён гатовы правесці новыя выбары. <…> Павінен прызнацца: у Мінску гуляў з агнём і апёкся. Зараз змяніць гэтае меркаванне будзе складана».

— Пра перамовы з Лукашэнкам: «Першы кантакт быў вельмі прыязны. Пасля, калі мы выклалі праблемы, абмеркаванне стала вельмі эмацыйным. З такімі людзьмі звычайна вельмі складана размаўляць. Дзякуючы асаблівым адносінам з Лукашэнкам, мы змаглі перайсці ад слоў да справы.

Я ўпэўнены, што не зрабіў нічога дрэннага. З дапамогай гэтага чэмпіянату свету мы можам дабіцца таго, чаго іншым спосабам не дасягнуць. Хто ўжо чагосьці дамогся ў Беларусі санкцыямі і байкотамі? Ніхто».

Nashaniva.com