Прыхільнікі Трампа ўварваліся ў Капітолій, дзе павінны былі абвясціць вынікі выбараў
06.01.2021 / 23:37
У Кангрэсе ЗША 6 студзеня павінны былі зацвердзіць вынікі выбараў прэзідэнта краіны. Аднак прыхільнікі Трампа зладзілі пратэсты каля будынка, а пазней — уварваліся ўнутр. Пасяджэнне было адкладзена.
Днём 6 студзеня прыхільнікі Трампа сабраліся ля будынка Кангрэса ЗША на пратэсты з-за вынікаў выбараў у ЗША. Яны ўчынілі бойку з паліцэйскімі, якія стаялі ў ачапленні.
Пазней пратэстоўцы прарваліся ў будынак Кангрэса і сарвалі пасяджэнне парламента ЗША, на якім павінны былі зацвярджаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Паліцыя спрабуе разагнаць пратэстоўцаў з дапамогай слезацечнага газу.
Віцэ-прэзідэнта ЗША Майка Пенса і спікера палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі эвакуявалі з будынка Кангрэса.
Дзейны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп звярнуўся да пратэстоўцаў і папрасіў іх пратэставаць мірна.
У сераду, 6 студзеня, Кангрэс ЗША павінен быў зацвердзіць вынікі выбараў прэзідэнта ЗША. Раней вынікі абвясціла калегія выбаршчыкаў. Згодна з імі, кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Джозэфа Байдэна падтрымалі 302 выбаршчыкі, Трампа — 232 чалавекі. Для перамогі дастаткова 270 галасоў выбаршчыкаў. Трамп неаднаразова спрабаваў абскардзіць вынікі галасавання ў асобных штатах.