Дзяржсакратар ЗША сустрэўся з паліттэхнолагам Шкляравым
02.01.2021 / 18:15
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа сустрэўся з Віталём Шкляравым і яго сям’ёй. Фота з сустрэчы з'явілася ў твітары Пампеа.
«Віталь Шкляраў тры месяцы быў незаконна затрыманы ў Беларусі. Дзякуючы вялікім камандным намаганням Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША Роджэра Д. Карстэнза і нашым камандам у Кіеве, Мінску і Вашынгтоне яго прывезлі дадому ў кастрычніку 2020 года», — напісаў Пампеа.
Шклярава затрымалі ў Мінску 29 ліпеня. Дзяржаўны тэлеканал АНТ паведамляў, што затрыманне Шклярава звязанае з ягонай працай на Сяргея Ціханоўскага. Шкляраву выставілі абвінавачванне па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У часе знаходжання ў СІЗА Шкляраў браў удзел у сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі 10 кастрычніка.
Шкляраў быў вызвалены і пакінуў Беларусь 24 кастрычніка. Вызваленне Віталя, у якога ёсць і амерыканскі пашпарт, абмяркоўвалі па тэлефоне Лукашэнка і Пампеа.