Чалавек года — Святлана Ціханоўская. Вось чаму
31.12.2020 / 09:45
2020 год быў для Беларусі гістарычным.
Гэтыя 12 месяцаў кардынальна змянілі жыццё мільёнаў беларусаў. Хтосьці перамог страх і далучыўся да барацьбы за правы і свабоды; хтосьці, шакаваны агрэсіяй, вырашыў шукаць лепшай долі за межамі радзімы; сотні чалавек сустракаюць Новы год за кратамі — не таму, што яны бандыты, а таму, што патрабавалі свабодных выбараў.
Гэта была падкрэслена мірная барацьба — няма ні аднаго сур'ёзна пацярпелага лукашэнкаўца. А з боку дэманстрантаў былі не толькі зняволеныя, але і пакалечаныя, і забітыя.
Таго, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе, не прадказаў ніводзін аналітык — ні беларускі, ні замежны. І ўсяго гэтага магло б не быць, калі б не самаахвярная рашучасць лідараў, якія паказалі прыклад астатнім. Ні разу раней не было такога багатага выбару кандыдатаў на пачэснае званне Чалавек года.
Калі мы ладзілі ў Рэдакцыі «Нашай Нівы» папярэдняе галасаванне, вызначаючы Чалавека года, то ў пераможцах аказаліся тры чалавекі. Яны ж трапілі ў тройку пераможцаў і ў апытанні чытачоў у тэлеграм-канале.
Банкір Віктар Бабарыка — той чалавек, дзякуючы якому многія беларусы паверылі ў сябе. Той, хто даў адказ на маніпулятыўнае ва ўмовах дыктатуры пытанне: «А хто, калі не Лукашэнка?» Перадвыбарчыя інтэрнэт-апытанні прадказвалі яму ўпэўненую перамогу ў першым туры. Але ў гэтай гульні ў шахматы Бабарыка атрымаў удар дошкай па галаве — яго проста не пусцілі на выбары.
Бабарыка — герой першай паловы года, чалавек-натхняльнік, які па незалежных ад яго прычынах не змог давесці сваю справу да канца. Але яго арышт стварыў умовы для таго, каб на першыя ролі выйшлі іншыя людзі.
Эстафету ад Бабарыкі пераняла вымушаная кіраўніца яго штаба Марыя Калеснікава. Мала хто ведаў пра яе мінулае, мала хто — можа, і сама Марыя — разумеў, чаго яна чакае ад будучыні. Але Калеснікава зрабіла важную рэч — мабілізавала разгублены электарат Бабарыкі і патлумачыла людзям, што ёсць толькі адно выйсце з сітуацыі — галасаваць за невядомую нікому Святлану Ціханоўскую.
А ўрэшце Калеснікава здзейсніла ўчынак года — з гонарам адмовілася ад прымусовай эміграцыі, парвала на мяжы пашпарт і засталася на радзіме, хай і ў турме.
Кожны беларус, які перамог свой страх, можа справядліва лічыць сябе чалавекам года. І на нашу думку, найдакладнейшае ўвасабленне гэтага вобразу — Святлана Ціханоўская.
Абсалютна далёкая ад палітыкі жанчына дзеля арыштаванага мужа і не толькі дзеля мужа — дзеля свайго народа пайшла на найвялікшую рызыку ў сваім жыцці. У выніку за тры месяцы Ціханоўская пераадолела шлях ад хатняй гаспадыні да нацыянальнага лідара.
Такога выпадку не было дый, відаць, ніколі і не будзе ў сусветнай гісторыі: нікому не вядомая жанчына без аніякай праграмы і без разумення асноў палітыкі — але затое і без негатыўнага бэкграўнду — кінула выклік дыктатуры. Ад яе ніхто не чакае нічога, але мільёны чалавек ідуць менавіта за ёй — выпадковай, але шчырай кандыдаткай. Гэты шлях немагчыма прайсці без памылак, і Святлана Ціханоўская не стала выключэннем. Ніхто не прадкажа, ці зможа яна ўтрымаць статус «народнага прэзідэнта», ці будуць яе па-ранейшаму прымаць на роўных кіраўнікі замежных дзяржаў.
Чаканні грамадства ўзмацніліся, і Ціханоўскай трэба рэалізоўваць іх проста тут і цяпер, але пры гэтым знаходзячыся ў эміграцыі і не маючы рычагоў кіравання. Як не расчараваць тых, хто ўсклаў на яе надзеі? 2021 год будзе для яе не менш складаным за 2020-ы.
Але гэта не адмяняе таго факту, што 2020-ы быў яе годам — годам Святланы Ціханоўскай.