Радзівілы ў Нясвіжы

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч

28.05.2009 / 11:57

Беларусь наведалі нашчадкі Радзівілаў. Дзесяць спадкаемцаў славутага магнацкага роду прабылі у нашай краіне тры дні, аб'ехалі Мінск, Мір, Паланечку і іншыя мясціны, звязаныя з родам Радзівілаў.

Але галоўным пунктам сямейнага візіту стаў, безумоўна, Нясвіж, дзе правяла дзяцінства пані Альжбета Радзівіл, дачка апошняга гаспадара Нясвіжскага замку. Пані Альжбеце 91 год, але яна да дробязяў памятае, як выглядала яе радавое гняздо, і дае жару чыноўнікам, што перарабляюць замак на свой капыл.

Падрабязней пра паездкі па Беларусі Радзівілаў можна пачытаць у блогу арганізатара візіту, журналіста Глеба Лабадзенкі.

Візіт пачаўся з імшы ў Фарным касцёле і наведвання фамільнага склепу.

Сямейства князёў прывітаў і мэр Нясвіжу (справа).
У падарунак ад яго госці атрымалі шампанскае "Радзівілаўскае" і рыбу.

Мясцовыя ўлады падрыхтавалі для дарагіх гасцей дзіцячы паравозік з выявамі Мікі-Маўса на вагончыках.
А для пані Эльжбеты - карэту. Аднак, высветлілася, што княгіня баіцца коней, таму перавагу яна аддала мерсэдэсу.

Галоўным пунктам візіту стаў Нясвіжскі замак. Радзівілы ахвотна фатаграфаваліся ля свайго колішняга фамільнага гнязда.

Насупраць замку - сімвалы савецкай эпохі. Не так даўно тут месціўся санаторый.

У замку ўсё даўно не так, як было ў часы дзяцінства княгіні.

Планавалася, што для княгіні правядуць экскурсію ў гатовым крыле замка.
Але яна рашуча накіравалася ў самую гушчу рэстаўрацыйных працаў.

Паміж княгіней і навуковым кіраўніком праекту рэстаўрацыі замка Сяргеем Друшчыцам
завязалася гарачая дыскусія наконт таго, як сапраўды выглядаў замак.

Княгіня Альжбета даводзіць, што многія дэталі змененыя рэстаўратарамі.
Друшчыц сцвярджае, што замак аднаўляецца паводле архіўных дакументаў,
а княгіня не ўсё памятае, бо была малая.

Радзівілы прабылі ў замку больш за дзве гадзіны.

Пані Альжбета агледзіла ледзь не кожны куточак сваіх былых уладанняў.

Гэтая тэраса была іншай формы, сцвярджае княгіня.

Тут быў яе дом.