«Выдача дазволаў на перамяшчэнне не прадугледжана». Пружанцы скардзіліся на затрыманні і атрымалі адказ ад уладаў
19.12.2020 / 18:43
Старшыня Пружанскага райвыканкаму параіў жыхарам Пружанаў, якіх супрацоўнікі міліцыі ня раз затрымлівалі «для высьвятленьня асобы», зьвяртацца ў пракуратуру, піша Радыё Свабода.
Мясцовыя актывісты, якіх на вуліцах горада апошнім часам затрымлівалі па 5-9 разоў «для высьвятленьня асобы», накіравалі старшыню Пружанскага райвыканкаму запыт, у якім прасілі даць ім дазвол наведваць крамы, хадзіць па горадзе пешшу і перамяшчацца на транспарце без затрыманьня Пружанскім РАУС.
Ганна Баран у заяве прасіла «выдаць дазвол гуляць па горадзе Пружаны і стаяць на аўтобусным прыпынку». Яе затрымлівалі дзевяць разоў, калі яна ішла з парку, па гарадзкой плошчы ці стаяла на прыпынку.
Людміла Царану пісала старшыню, каб ёй дазволілі наведваць крамы, аптэкі, свабодна перамяшчацца па вуліцах і дарогах свайго гораду і раёну, знаходзіцца на прыпынках грамадзкага транспарту, ля навагодніх ялінак «бяз рызыкі быць затрыманай і асуджанай».
«У маю кватэру прыходзяць і стукаюць у дзьверы супрацоўнікі РАУС, затрымліваюць на працоўным месцы, зьмяшчаюуць у ІЧУ як небясьпечнага злачынцу, тым самым прыніжаючы маю чалавечую годнасьць перад грамадзтвам, прыносячы тым самым маральныя і душэўныя пакуты», — піша Людміла Царану.
Старшыня Пружанскага райвыканкаму Юры Бісун адказаў Ганьне Баран, што паводле 30-га артыкула Канстытуцыі Беларусі грамадзяне маюць права свабодна перамяшчацца.
«Выдача якіх-небудзь дазволаў на перамяшчэньне ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі мясцовымі органамі ўлады заканадаўствам не прадугледжана», — гаворыцца ў адказе старшыні.
У выпадку незаконнага затрыманьня Юры Бісун параіў абскарджваць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Пружанскага раёну альбо ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Берасьцейскага аблвыканкаму.
Аднак пружанцаў надалей затрымліваюць.
Старшыня мясцовай каардынацыйнай рады Ганна Баран паведаміла Свабодзе, што пружанцаў затрымлівалі цягам тыдня.
«У Пружанах два дні запар аўтазак забірае людзей з аўтобуснага прыпынку, які пружанцы называюць «прыпынкам Перамен». Людзей, якія чакаюць аўтобуса на прыпынку, садзяць у аўтазак і вязуць у РАУС. Супрацоўнікі не называюцца і затрымліваюць людзей «для высьвятленьня асобы», не ратуе нават наяўнасьць пашпарту. Гутаркі з затрыманымі праводзіць падпалкоўнік Павел Сандрыгайла», — сказала Ганна Баран.
Пружанцаў таксама затрымліваюць для допыту ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту ў Берасьцейскай вобласьці як падазраваных па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) за карагоды ў Берасьці. Сямёра пружанцаў цяпер знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.