Адвакату Іллю Салею працягнулі на два месяцы хатні арышт
17.12.2020 / 10:19
Фота Надзеі Бужан
Генеральная пракуратура працягнула хатні арышт адвакату Іллю Салею яшчэ на два месяцы — да 16 лютага 2021 года. Пра гэта паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі.
Ілля Салей — юрыст штаба Бабарыкі і адвакат Марыі Калеснікавай. Яго затрымалі 9 верасня па «справе Каардынацыйнай рады» разам з другім адвакатам — Максімам Знакам. Пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ з палітвязнямі Салею змянілі меру ўтрымання: 17 кастрычніка стала вядома, што ён пераведзены пад хатні арышт.
«Ілля сустрэне Новы год у адзіноце. Яму забаронена пакідаць кватэру на працягу ўсяго часу сутак, мець зносіны з усімі акрамя адвакатаў. Ён не можа карыстацца інтэрнэтам, тэлефанаваць і адпраўляць папяровыя лісты», — паведамляе прэс-служба Бабарыкі.
Дарэчы заўтра, 18 снежня, будзе роўна паўгода, як былі затрыманыя Віктар і Эдуард Бабарыкі.