«Партыя рэфарматараў зайшла так далёка, што ўжо не магла спыніцца». «План Герцберга» мусіў выратаваць Рэч Паспалітую, але насамрэч яе загубіў
Лічыцца, што падзелы Рэчы Паспалітай звязаныя ў першую чаргу з амбіцыямі расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Але калі паспрабаваць скласці топ самых важных асобаў, якія спрычыніліся да другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай у 1793 і 1795 гадах, то адно з першых месцаў зойме мала каму сёння ў нас вядомы прускі дзяржаўны дзеяч граф Эвальд Фрыдрых фон Герцберг. Піша Цімох Акудовіч.
13.03.2021 / 10:08
Карціна Яна Матэйкі «Канстытуцыя 3 мая 1791 года», напісаная ў 1891 годзе. Крыніца: wikimedia.commons
Найбольшая перамога караля
У 1787 годзе Кацярына ІІ планавала напад на Турцыю. Вайна абяцала быць цяжкай, а таму расійская імператрыца прыняла прапанову караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага заключыць ваенны саюз паміж ягонай краінай і Расіяй. Кацярыну не так цікавіла аслабленае войска суседняй дзяржавы, як яе памежныя з Турцыяй крэпасці, з якіх зручна было разгортваць наступленне.
А вось для Панятоўскага дамова стала вялікай замежнапалітычнай перамогай, ці не найбольшай за ўсю ягоную кар’еру. Па-першае, яна ставіла Рэч Паспалітую на ўзровень саюзніка, а не падапечнага Расіі. А па-другое — давала магчымасць павялічыць сваё войска і, што істотна, адразу ж загартаваць яго ў справе. На той момант войска Рэчы Паспалітай ужо некалькі дзесяцігоддзяў не ўдзельнічала ні ў адной рэгулярнай ваеннай кампаніі, і ў дадзеным выпадку гэта было вынікам не сілы, а слабасці дзяржавы.
Падзелы Рэчы Паспалітай. 1772—1795 гады. Крыніца: Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Т.2. Мінск, 2013.
Якраз для павелічэння войска Кацярына ІІ пагадзілася на адзін тэхнічны момант, які ў выніку і прывёў да вялікіх праблем. Справа ў тым, што пытанне такога ўзроўню мусіў узгадніць сойм. Але ў Рэчы Паспалітай дзейнічала знакамітае права liberum veto, паводле якога рашэнні маглі прымацца толькі аднагалосна. А паколькі гэта магло перашкодзіць задумам, то было прынята рашэнне аб правядзенні не звычайнага, а сканфедэраванага сойма. Сэнс яго быў у тым, што ўсе паслы аб’ядноўваліся ў дзве канфедэрацыі — польскую і літоўскую. Паколькі ў канфедэрацыях шляхты рашэнне прымалася простай большасцю галасоў, то гэты прынцып пераходзіў і на ўсе рашэнні сойма. Такім чынам і абыходзілі liberum veto.
Папярэдні сканфедэраваны сойм адбыўся ў 1773—1775 гадах, і на ім было зацверджана рашэнне аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. З таго часу пазіцыі Расіі ў краіне толькі ўзмацніліся: у 1775-м была створана Пастаянная Рада — найвышэйшы адміністрацыйны орган дзяржаўнага кіравання. Хоць прадстаўнікі ў Раду выбіраліся соймам, уплыў расійскай палітыкі быў там настолькі моцны, што ў яе заўсёды траплялі патрэбныя Расіі людзі. А таму ўсе палітычныя падзеі ў Рэчы Паспалітай у 1770-х і 1780-х гадах праходзілі пад поўным кантролем Пецярбурга.
Грамадства ўжо іншае
Пагаджаючыся на сканфедэраваны сойм, Кацярына ІІ і Станіслаў Аўгуст разлічвалі, што ўсё зноў пройдзе спакойна і ў адпаведнасці з іх жаданнямі. Але ні расійская імператрыца, ні кароль Рэчы Паспалітай не заўважылі глабальных зменаў у настроях грамадства. Да таго часу ў Рэчы Паспалітай падрасло цэлае пакаленне, выхаванае на ідэях французскага асветніцтва і гуманізму, якое ўжо зусім па-іншаму глядзела на свае правы і абавязкі перад дзяржавай. Маладыя шляхцічы прагнулі карэнных рэформаў у сваёй краіне.
Павятовыя соймікі прайшлі зусім не па плане Станіслава Аўгуста, усюды брала верх апазіцыя. У выніку з абраных на сойм 1788 года 46 паслоў (дэпутатаў) ВКЛ толькі 6 былі прыхільнікамі караля. Тая ж сітуацыя была і з польскімі пасламі.
Таму, калі 6 кастрычніка 1788 года адкрылася першае пасяджэнне сойма, у зале Каралеўскага палаца сядзелі паслы, гатовыя не толькі на павелічэнне войска, але і да значна глыбейшых рэформаў.
Аднак быць гатовым — не значыць мець магчымасць іх рабіць. Расійскі фактар — і ў выглядзе праплачаных паслоў, і ў выглядзе войскаў на мяжы — нікуды не знік. Зламаць сістэму палітычнага кантролю, якую Кацярына ІІ выбудоўвала ў Рэчы Паспалітай некалькі дзясяцігоддзяў, падавалася амаль немагчымым.
У гульню ўступае Прусія
Але сталася нечаканае. У гульню на гэтым полі актыўна ўключыўся іншы сусед Рэчы Паспалітай — Прусія.
Прускі кароль Фрыдрых Вільгельм ІІ, калега Кацярыны ІІ па раздзеле Рэчы Паспалітай. Партрэт 1792 года. Крыніца: wikimedia.commons
Прускім каралём у той час быў Фрыдрых Вільгельм ІІ, пляменнік легендарнага Фрыдрыха ІІ Вялікага. Замежнай палітыкай пры ім, як і пры ягоным дзядзьку, займаўся прадстаўнік старадаўняга памеранскага роду Эвальд Фрыдрых фон Герцберг. Герцберг верай і праўдай служыў Прусіі яшчэ з 1750-х гадоў: ягоны подпіс стаіць пад актам аб заканчэнні Сямігадовай вайны 1756—1763 гадоў. Вялікая роля гэтага палітыка была і ў правядзенні першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Эвальд Фрыдрых фон Герцберг. Выява 1798 года. Крыніца: wikimedia.commons
У прускага дыпламата былі дзве палітычныя ідэі, якія ён бачыў найважнейшымі ў сваёй кар’еры. Па-першае, Герцберг лічыў галоўным ворагам Прусіі Аўстрыю і планамерна выступаў за любыя антыаўстрыйскія саюзы. Па-другое, ён марыў забраць у Рэчы Паспалітай Гданьск і Торунь.
Геапалітычная шматхадоўка
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай вялікія тэрыторыі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора адышлі да Прусіі, але Гданьск заставаўся ў складзе Рэчы Паспалітай, хоць і быў адрэзаны ад яе вялікай тэрыторыяй ужо нямецкай зямлі. Герцберг, як і Фрыдрых Вялікі, лічыў адсутнасць Гданьска, а разам з ім і Торуня ў складзе Прусіі найвялікшай ганьбай айчыннай дыпламатыі ў XVIII стагоддзі. Пры гэтым прускі дыпламат сам ускладняў задачу іх вяртання, выступаючы супраць вайны з Рэччу Паспалітай і ставячы мэтай захоўваць добрыя адносіны з усходняй суседкай.
Дзесьці ў канцы 1780-х у Герцберга выпрацаваўся хітры шматхадовы план, як рэалізаваць сваю задуму. У адпаведнасці з ім, Прусія прапаноўвала Асманскай імперыі дапамогу ў забеспячэнні міру з Расіяй. Турцыя за гэта мусіла аддаць Аўстрыі Малдову і частку Босніі. Аўстрыя, у сваю чаргу, у падзяку за новыя землі пагаджалася аддаць Рэчы Паспалітай Галіцыю. Урэшце Рэч Паспалітая за Галіцыю, па плане Герцберга, добраахвотна перадавала Прусіі свае гарады Торунь і Гданьск.
Гэтую складаную дыпламатычную канструкцыю, якую пазней назавуць «планам Герцберга», якраз і ламаў саюз Расіі і Рэчы Паспалітай, заключаны ў 1787 годзе. Берлін быў у роспачы, а таму наважыўся пайсці на прамую канфрантацыю з Пецярбургам.
Прусія замест Расіі
13 кастрычніка 1788 года на пасяджэнні нядаўна скліканага сойма прускі прадстаўнік Людвіг Генрых Бухгольц зачытаў з трыбуны ноту, у якой абвінавачваў Кацярыну ІІ і Станіслава Аўгуста ў заключэнні таемнай дамовы, якая несла пагрозу міру ва ўсёй Еўропе. Кароль сапраўды незадоўга да таго ездзіў ва ўкраінскія гарады Кіеў і Канеў на сустрэчу з расійскай імператрыцай без справаздачы перад шляхтай, што спарадзіла тады шмат чутак пра здраду Панятоўскага. У канцы ноты кароль Фрыдрых Вільгельм вуснамі свайго пасла прапанаваў Рэчы Паспалітай альянс і гарантаваў ёй цэласнасць межаў у выпадку канфлікту з любымі суседзямі.
Прамова Бухгольца адкрыла для паслоў сойма зусім іншыя гарызонты дзейнасці. Апазіцыя ехала ў Варшаву з марай аб рэформах, але з разуменнем, што кожную ідэю давядзецца прабіваць праз інтрыгі расійскіх дыпламатаў і з аглядкай на расійскія войскі на мяжы. І тут раптам у адно імгненне гэтыя бар’еры зніклі. Падтрымка прускага караля азначала, што можна не так баяцца Кацярыну ІІ.
Атрымаўшы нечаканы карт-бланш, паслы сойма, які ўвайшоў у гісторыю як Вялікі, ці Чатырохгадовы, адразу ж пачалі рэалізоўваць сур’ёзныя рэформы: вельмі хутка была прынята пастанова аб павелічэнні войска да 100 тысяч жаўнераў, ліквідаваліся Пастаянная Рада і Вайсковы дэпартамент (асноўныя цэнтры прарасійскай палітыкі), створаныя новыя органы мясцовай адміністрацыі — цывільна-парадкавыя камісіі. Пачалі распрацоўвацца законы ад гарадах, аб яўрэях, запланаваны перапіс насельніцтва і шмат што яшчэ.
Рухалі ўсе гэтыя ініцыятывы прадстаўнікі «патрыятычнай партыі» пад кіраўніцтвам Ігнацыя Патоцкага і Гуга Калантая. Вялікую ролю ў партыі адыгрывалі паслы ад ВКЛ: брэсцкі — Тадэвуш Матусевіч і інфлянцкі — Юльян Нямцэвіч. Гэтую партыю часта называлі таксама прапрускай, бо яна абапіралася на абяцанне караля Фрыдрыха Вільгельма. Юльян Нямцэвіч нават напісаў байку «Сава, жаба і каршак», у якой ухваляў дзеянні Прусіі па абароне Рэчы Паспалітай ад Расіі.
Цана пытання
Аднак на хвалі эмоцый шляхта не вельмі задумвалася, што ў палітыцы за любыя саюзы трэба плаціць. Калі пачаліся перамовы аб канкрэтным тэксце дамовы, то высветлілася, што Прусія патрабуе за свае паслугі Гданьск і Торунь.
У Прусіі былі свае апетыты: Гданьск і Торунь. Фота: shutterstock.com by Kaval Enkau
Зразумела, што соймавым паслам гэта не спадабалася. Пасольскія дэпутацыі абедзвюх дзяржаў праводзілі бясконцыя перамовы, каб выйсці хоць на нейкі прымальны для ўсіх бакоў варыянт, але берлінскі двор быў у сваім жаданні атрымання двух гарадоў непахісны.
Праўда, Прусія і сама імкнулася быць максімальна шчодрай. У дадатак да Галіцыі, што мусіла перайсці да Рэчы Паспалітай паводле плана Герцберга, Фрыдрых Вільгельм прапаноўваў зменшыць для яе мыта правозу тавараў з мора па Вісле ў два разы. Аб’ектыўна такое паслабленне магло стаць сур’ёзным фінансавым уліваннем у слабую эканоміку дзяржавы абодвух народаў.
Была ў прускіх планаў і міжнародная падтрымка. Вядомы кампазітар, а адначасова палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі, які ў 1790 годзе быў у Англіі ў якасці афіцыйнага прадстаўніка Рэчы Паспалітай, узгадваў у сваіх мемуарах, што англійскі прэм’ер-міністр Уільям Піт настойліва раіў маладому Агінскаму прыняць прапанову Прусіі, бо яна, маўляў, сур’ёзна палепшыла б і палітычнае, і эканамічнае становішча Рэчы Паспалітай.
Тым не менш шляхецкая рэспубліка ніяк не жадала адмаўляцца ад сваіх тэрыторый. У выніку шматлікіх перамоў замежнай дэпутацыі ўсё ж атрымалася раздзяліць дамову на «палітычную», у якой гарантавалася ўзаемадапамога ў выпадку вайны з любым суседам, і «эканамічную», дзе прапісваліся ўмовы перадачы двух гарадоў і змяншэння мыта.
29 сакавіка 1790 года, у сітуацыі ўсеагульнай незадаволенасці, была падпісаная першая, «палітычная» частка дамовы, а другая адкладзена на далейшы разгляд. Такі варыянт, вядома, не задавальняў Прусію. Затое падпісанне палітычнай дамовы можна назваць поспехам варшаўскай дыпламатыі, бо ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў замежнапалітычны вектар Рэчы Паспалітай павярнуўся ў іншы бок. Гэта прызнала і Расія, бо яе пасол Густаў Штакельберг быў адазваны з Варшавы раззлаванай Кацярынай ІІ.
Але радавацца доўга не давялося. Дамова з Прусіяй аказалася нетрывалай.
Рэйхенбах, які ўсё змяніў
Той жа самы Уільям Піт, які раіў Агінскаму аддаць Гданьск і Торунь, у пэўны момант зразумеў, што ад рэалізацыі плана Герцберга Прусія ўзмацніцца аж занадта. Таму ён выставіў ультыматум Фрыдрыху Вільгельму, што калі Прусія наважыцца напасці на Аўстрыю, то Англія, а разам з ёй і Нідэрланды разарвуць ваенны саюз з прусакамі, якім на той момант яны былі аб’яднаныя. А без Англіі і Нідэрландаў Прусія апынулася б у міжнароднай ізаляцыі.
На такую ахвяру Берлін пайсці не мог. Прыніжаны Фрыдрых Вільгельм вымушаны быў паддацца ціску. 27 ліпеня 1790 года ў невялікім гарадку Рэйхенбах (цяпер польскі горад Дзяржонеў) была падпісана Рэйхенбахская канвенцыя, паводле якой Аўстрыя абавязвалася выйсці з вайны з Турцыяй і не падтрымліваць Расію, а Прусія ўзялася дапамагчы Аўстрыі задушыць паўстанне ў Аўстрыйскіх Нідэрландах (прыблізна цяперашнія Бельгія і Люксембург), якое ўспыхнула пад уплывам Французскай рэвалюцыі.
Падпісанне гэтай дамовы моцна раззлавала паслоў Вялікага сойма ў Варшаве. Бо, нагадаем, адной з мэтаў саюзу з Прусіяй для «патрыётаў» была сумесная вайна супраць Аўстрыі і адабранне ў яе, на карысць Рэчы Паспалітай, Галіцыі. Таму інфармацыя пра тое, што здарылася ў Рэйхенбаху, цалкам падарвала давер да прускай палітыкі. 6 верасня 1790 года ў сойме быў ухвалены дакумент аб непадзельнасці тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Па сутнасці, гэта было абвяшчэнне Прусіі аб заканчэнні супрацоўніцтва з ёй.
Разагнаны цягнік не спыніць
Расчараванне ў палітыцы Фрыдрыха Вільгельма, можа, і не было б вялікай праблемай, калі б не абставіны, у якіх праходзіў Вялікі сойм. Усе тыя рэформы, якія да таго часу запланавалі прадстаўнікі патрыятычнай партыі з улікам падтрымкі Прусіі, ужо проста немагчыма было спыніць.
3 мая 1791 года была прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая абвяшчала спадчынную манархію, адмяняла liberum veto і дэкларавала шэраг іншых рэформаў, якія відавочна ўмацоўвалі Рэч Паспалітую як самастойную дзяржаву. Расіі такое спадабацца не магло.
У ліпені 1791 года ў Пінску сабралася праваслаўная кангрэгацыя, якая ўтварыла «Нацыянальны сінод праваслаўных цэркваў Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага». У параўнанні з прыняццем Канстытуцыі 3 мая, якая стварала толькі далекасяжныя праблемы для кацярынінскай дыпламатыі, Пінская кангрэгацыя біла па асновах расійскай палітыкі ў рэгіёне, бо забірала ў яе «базу» — праваслаўнае насельніцтва.
У Пінску ў 1791 годзе сабралася праваслаўная кангрэгацыя, якая, па сутнасці, утварыла аўтакефальную царкву на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Фота: shutterstock.com by Grisha Bruev
Усе гэтыя радыкальныя дзеянні праводзіліся абсалютна без аглядкі на замежнапалітычную сітуацыю ў Еўропе — так, нібыта за спінай у паслоў усё яшчэ стаіць магутная Прусія. А ў рэальнасці Рэч Паспалітая ў пачатку 1791 года знаходзілася ў поўнай дыпламатычнай адзіноце. Рэфарматарская партыя выйшла на пік сваіх магчымасцяў, зблізіўшыся з каралём, і ўжо не магла спыніцца.
Агулам дзейнасць Вялікага сойма ў 1791 годзе разам з разгортваннем рэвалюцыйных падзей у Францыі і заканчэннем вайны ў Турцыі ўжо ў канцы года зрабіла непазбежнасцю ўвядзенне на тэрыторыю Рэчы Паспалітай расійскіх войскаў.
Два планы Пецярбурга
У пачатку 1792 года ў Пецярбургу існавала два планы адносна Рэчы Паспалітай. Першы прадугледжваў з дапамогай магнацкай рэакцыі адкруціць усё назад: адмяніць канстытуцыю і іншыя радыкальныя пастановы сойма і зноўку зрабіць суседнюю дзяржаву «ручной». У адпаведнасці з другім варыянтам, у Рэчы Паспалітай зноў мусілі забраць тэрыторыі, каб у новых межах яна больш не змагла ствараць такіх праблем, якіх нарабіла для суседніх манархаў у 1791 годзе.
Базавым быў першы план. Незадаволеныя польскія магнаты, у якіх забралі іх вольніцу, самі звярнуліся да Кацярыны ІІ з просьбай падтрымаць іх у вяртанні «справядлівасці» і ліквідацыі пастаноў «злачыннай канстытуцыі». 14 мая 1792 года ва ўкраінскім мястэчку Тарговіца на Падоллі (цяпер Кіраваградская вобласць) была ўтворана канфедэрацыя, на чале якой сталі магнаты Шчасны Патоцкі, Севярын Жавускі і Францішак Браніцкі. Для падтрымкі гэтай канфедэрацыі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай увайшло статысячнае расійскае войска.
Большасць гісторыкаў пагаджаецца, што яшчэ ў сярэдзіне 1792 года, калі ўся тэрыторыя Рэчы Паспалітай была пад кантролем Пецярбурга, Кацярына ІІ разлічвала на рэалізацыю першага плана. Канстытуцыя была адмененая, кароль далучыўся да канфедэрацыі, верагоднасць вяртання статус-кво мінулых дзесяцігоддзяў выглядала рэальнай.
Але тут зноўку выйшаў на паверхню план Герцберга. Разгортванне Французскай рэвалюцыі моцна зблізіла яшчэ зусім нядаўніх супернікаў — Прусію, Аўстрыю і Расію. У 1791 годзе актывізаваліся кулуарныя дыпламатычныя перамовы паміж гэтымі дзяржавамі, на якіх абмяркоўваліся праблемы двух рэвалюцыйных рэгіёнаў — Францыі і Рэчы Паспалітай.
У лістах Кацярыны ІІ таго перыяду прасочваецца яе моцная незадаволенасць прускімі дыпламатамі, якія пры любых абмеркаваннях «польскага пытання» заўсёды настойліва выстаўлялі толькі адно патрабаванне — аддаць ім Гданьск і Торунь. Дапусціць тое, каб Прусія проста так атрымала новыя землі, Кацярына ІІ не магла. Па-першае, гэта азначала б паражэнне Расіі і ўзмацненне Прусіі, а па-другое, у расійскай імператрыцы быў зуб на прусакоў за першы падзел, калі Аўстрыя па іх віне атрымала значна большыя тэрыторыі, чым разлічваў Пецярбург.
А вырашыць праблему Рэчы Паспалітай без Прусіі было ніяк нельга. У такой дыпламатычнай патавай сітуацыі, маючы фонам французскія падзеі, Пецярбург усё актыўней схіляўся да рэалізацыі другога варыянта. І вось 23 студзеня 1793 года, праз дзень пасля адсячэння галавы французскага караля Людовіка XVI, Прусія і Расія падпісалі дамову аб другім падзеле Рэчы Паспалітай.
Стары граф Эвальд Герцберг назіраў за гэтымі падзеямі ўжо збоку. Пасля ганебнага для Прусіі Рэйхенбахскага саюзу граф быў адпраўлены ў адстаўку. Іронія заключаецца ў тым, што, настойваючы на перадачы Гданьска і Торуня Прусіі, Герцберг заўсёды публічна выступаў за захаванне дзяржавы Рэчы Паспалітай і агулам прыязна ставіўся да ўсходняй суседкі, таксама як і ягоны патрон Фрыдрых Вільгельм ІІ.
Найбольш жа катастрафічных вынікаў рэалізацыі свайго плана Герцберг не пабачыў: ён памёр 27 мая 1795 года, за паўгода да поўнай ліквідацыі Рэчы Паспалітай.