Книгу белоруски Вальжыны Морт назвали в числе лучших поэтических изданий США в 2020 году

15.12.2020 / 13:28

Аглядальніца газеты New York Times называе восем найлепшых кніг паэзіі, сярод якіх і зборнік Вальжыны Морт, якая нарадзілася ў Беларусі і жыве ў ЗША, звяртае ўвагу «Радыё Свабода».

«Мне нязручна выкарыстоўваць у спісе слова «найлепшы» — збольшага таму, што я проста адзін чалавек, густ якога суб’ектыўны», — піша Эліза Габэрт у пачатку агляду паэтычных выданьняў, тым не менш, публікацыя выйшла ў рубрыцы «Найлепшае ў 2020 годзе».

Аглядальніца піша пра восем выданняў, сярод якіх — анталогія афра-амерыканскай паэзіі за 250 гадоў пад рэдакцыяй Кэвіна Янга і «Emporium» маладой аўтаркі Адыці Мачада, якая атрымала прэмію Джэймса Лафліна.

У ліку васьмі найлепшых выданьняў — і кніга Вальжыны Морт «Music for the dead and resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых») выдавецтва Farrar, Straus & Giroux.

«Дзіця ў Беларусі нясе на сабе цяжар акардэону і бясконцыя ваенныя гісторыі, кашмары крыві і костак і радыяактыўнай глебы. Вершы Морт распавядаюць пра сакрэтную гісторыю («Цішыня выбівае з нас мову»), у іх ёсць навязлівая якасць дзіцячых вершыкаў у мінорнай танальнасці, цёмная магія заснежанага лесу («Я таксама мяса, заплеценае ў шэраг думак. / Я малюся дрэвам», — піша пра кнігу Вальжыны Морт Эліза Габэрт у New York Times.

Вальжына Морт (Вольга Мартынава) нарадзілася ў Мінску, жыве ў ЗША, дзе выкладае ў Карнэльскім універсітэце. Яе кнігі выходзілі ў Беларусі, ЗША, Нямеччыне, Швецыі. Морт — лаўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь Віленіцы» (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнееўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Гокін (Bess Hokin Prize) ад амерыканскага часопіса Poetry.

Nashaniva.com