Гісторыка Андрэя Мацука асудзілі на 15 сутак за святкаванне народзінаў у двары з торцікам з «Пагоняй»

15.12.2020 / 08:36

Аблава 11 снежня

У пятніцу, 11 снежня, у доме па вуліцы Чыгуначнай, 44 прайшлі ператрусы ў кватэрах. У выніку затрымалі шэсць чалавек. Траіх, разам з гісторыкам Андрэем Мацуком, асудзілі ў панядзелак.

Гісторык Мікалай Волкаў апублікаваў у сваім фэйсбуку пост, дзе распавёў пра падзеі.

«Судзілі гэтых людзей за святкаванне дня нараджэння таго ж Андрэя Мацука ў двары іх дома тыдзень раней — у пятніцу 4 снежня». Па словах Волкава, уласнае свята палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам, на якое можна мабілізаваць дзясяткі чалавек і ўчыніць паказальную аблаву. «Абцяжарвальнымі абставінамі» палічылі паяданне торцікаў з выявай «Пагоні» — дзяржаўнага герба Беларусі ў 1991-1995 гг., піша Волкаў.

У панядзелак, 14 снежня, прайшоў суд над трыма затрыманымі. Іх асудзілі па артыкуле 23.34 КоАП і далі па 15 сутак.

Андрэй Мацук — адзін з найлепшых знаўцаў гісторыі ВКЛ 18 ст. Гэта ён на канферэнцыі ў Вільні ў 2015 г. Фота з фб Мікалая Волкава

Nashaniva.com