Студэнты пра затрыманні журналістаў: «Хто будзе асвятляць усё, што адбываецца?» Качанава: «А навошта асвятляць?»
04.12.2020 / 17:09
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прыйшла на факультэт журналістыкі БДУ, каб пагутарыць са студэнтамі. Вось, што стала вядома пра змест гэтай гутаркі.
Фота Надзеі Бужан
Пра жанчыну-прэзідэнта
«Журналісты ўмеюць вывярнуць, перавярнуць і ў загаловак напісаць тое, што будзе цікава для грамадства. Кажучы пра гэта, прэзідэнт меў на ўвазе не тое, што жанчына не можа быць прэзідэнтам у нашай краіне. У нас такое раўнапраўе цяпер, што жанчыны на сябе ўзялі ўжо вельмі шмат. Ён [Лукашэнка] казаў пра тое, што Канстытуцыя, якая была прынятая, — гэта архіскладаная праца. Трэба разумець, што жыцця ў цябе, як у звычайнага чалавека, не будзе. Бо вы паглядзіце, у параўнанні з іншымі дзяржавамі ў нас прэзідэнт нясе адказнасць за ўсё. Што б ні адбылося ў нашай краіне.
Я пазаўчора была на нарадзе — мы сустракаліся з галоўнымі рэдактарамі нашых тэлекампаній — яны задалі мне падобнае пытанне. Я ім кажу: «Вы разумееце, калі ў нашай краіне хто і вінаваты ва ўсім, так гэта прэзідэнт». Усё на аднаго чалавека. Ён казаў пра тое, што гэта вельмі цяжка і жанчыне пацягнуць такую нагрузку будзе не проста. Гэта не проста прадстаўнічыя функцыі — так, у нас ёсць урад, адміністрацыя прэзідэнта, шмат структур, але наша канстытуцыя мае на ўвазе тое, што гэта прэзідэнцкая краіна. Тая, дзе на прэзідэнта ўскладзеныя вельмі жорсткія функцыі <…>
Толькі зыходзячы з гэтага прэзідэнт — ён вельмі па-добраму ставіцца да жанчын, як і любы мужчына, з разуменнем. Ён меў на ўвазе, што гэта вельмі цяжка. І жанчыне справіцца будзе не проста з-за таго, што ў жанчыны… Я вам нават скажу больш: ведаеце, у мяне так у жыцці склалася, што прыйшлося працаваць у калектывах, дзе былі ў асноўным мужчыны <…> Нават чыста — дзяўчынкі ведаюць — калі мужчына прычоску не зрабіў, ён заўсёды прыгожы. А жанчыне трэба і тое, і гэта.
Ну а наогул, у нас Канстытуцыя сёння такая, што прэзідэнт — гэта не толькі прадстаўнічыя функцыі. Гэта вельмі цяжкая праца, дзе па кожным напрамку кантроль».
Пра Наталлю Эйсмант
[Адносіны] вельмі добрыя. Нягледзячы на тое, што па ўзросце гэта мая дачка. У мяне дзве дачкі, адна з іх якраз па ўзросце як яна [Эйсмант]. Я з ёй пазнаёмілася, калі прыйшла працаваць у горад Мінск. Усё жыццё да гэтага працавала ў рэгіёне. Чым яна мне падабаецца — яна вельмі прафесійная. Яна 10 гадоў прапрацавала на тэлебачанні. Я люблю неабыякавых людзей. У якіх ёсць свае перакананні, якія выразна разумеюць, чаго яны хочуць ад гэтага жыцця. Акрамя таго, прыгожая, маладая жанчына. Яшчэ раз паўтаруся: у мяне з ёй добрыя адносіны, таму што я бачу ў такіх маладых людзях перспектыву для нашай краіны.
Пра размеркаванне
«У нас жа хто вучыцца на бюджэце, хто не на бюджэце — пастаўлена задача: першае працоўнае месца павінна быць вызначана, і яны павінны атрымаць размеркаванне. Дык вось, што тычыцца размеркавання: ці то мы не размяркоўваем туды, дзе ёсць запыты, ці то няма жадання ісці працаваць у гэтыя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, а больш жадання ісці ў нейкія іншыя структуры… У любым разе дзяржава накіроўвае сродкі на падрыхтоўку спецыялістаў, каб яны вярталіся [у родны горад] і працавалі па тых спецыяльнасцях, па якіх яны навучаліся ў ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Вядома, для нас гэта вельмі важна».
Пра мэтавае накіраванне
«Цяпер гаворка ідзе пра тое, што мэтавыя накіраванні павінны быць. Чаму? Таму што на нядаўняй сустрэчы ў адным горадзе Віцебскай вобласці мне галоўны лекар кажа: «Разумееце, трэба мэтавыя накіраванні сёння [ўвесці] ў медыцынскія ВНУ, не толькі для сельскай мясцовасці, — там ёсць для сельскай мясцовасці мэтавыя накіраванні, — а распаўсюдзіць гэта на гарады». Таму што прыязджаюць спецыялісты, два гады адпрацавалі — і з'язджаюць. А калі б гэта было мэтавае накіраванне… Як правіла, гэта значыць, што малады чалавек вяртаецца туды, адкуль ён прыехаў, дзе ён жыў, па меншай меры ў яго ёсць жыллё, хоць бы бацькоўскае. Атрымліваецца, гэтая форма будзе выкарыстаная больш у працы, задача пастаўлена Міністэрству адукацыі. Ужо пры наборы на наступны год гэта будзе прадугледжана».
Пра недзяржаўныя СМІ
«Як я магу ставіцца да «Нашай Нівы»? Калі я кожны раз пра сябе там чытаю толькі хлусню. Вось як? Прычым я, калі прыйшла працаваць у Мінск (я вам так скажу, я прыехала з рэгіёнаў такая адкрытая, заўсёды, працуючы там, у сябе, вельмі адкрыта працавала з усімі сродкамі масавай інфармацыі), <…> і [ў Мінску] адразу ўсе СМІ — і БТ, і АНТ — знялі, паказалі, запісалі. І я чытаю ў «Нашай Ніве» раптам артыкул пра сябе. І там такія факты хлуслівыя! Ну добра б яны напісалі пра мяне асабіста, а не пра маю сям'ю. Калі гэта прачытала мая мама, яна была проста ў шоку. Хто мой першы муж, другі, пляменнікаў нейкіх маіх пазгадваць… Прычым столькі было лжывага. І гэта вельмі часта працягваецца. Потым я прыйшла на калегію Міністэрства аховы здароўя. Я кажу адно, лекары пішуць: «Дзякуй, Наталля Іванаўна, за падтрымку», а яны пішуць: «Як робяць, так і зарабляюць». <…> Але я не так казала».
«Вось у мяне такое стаўленне, не таму што яна прыватная ці не прыватная — калі ласка. Але гэта павінна быць праўда. А калі ты кажаш адно, а там пішуць іншае — гэта няправільна. Я не прымаю».
«Сёння самае важнае і самае галоўнае — гэта СМІ. Ад таго, што дзеецца ў гэтым вось тэлефончыку, ад таго, што дзеецца ў сацыяльных сетках, гэта ж уяўляеце, якія адбываюцца катаклізмы ў свеце дзякуючы інфармацыі. Вось я ўвесь час думаю: гэта як нас выхоўвалі ў Савецкім саюзе, што мы былі настолькі адданыя сваёй краіне — пры якіх бы ўмовах ні жылі, — што я ніколі ні ў жыцці б не сказала дрэнна пра сваю краіну. А вось цяпер усё гэта так пераварочваецца з ног на галаву».
«Заўсёды трэба думаць над тым, што ты кажаш. Таму што часам лепш прамаўчаць. Таму што гэта можа заўтра пайсці ў такое рэчышча, што будзе страшна».
Пра інфармацыйную вайну
«Сёння ідзе інфармацыйнае проціборства, мала сказаць, сёння ідзе інфармацыйная вайна. І прычым у гэтай вайне, каб вы ведалі, хлопцы і дзяўчыны, усё каштуе вельмі нятанна. Наогул нятанна. [Стварыць] усе гэтыя тэлеграм-каналы, размясціць інфармацыю на YouTube ці яшчэ дзесьці — гэта велізарныя грошы сёння. Сёння вось так — і адным клікам, націскам пачынаюць распаўсюджваць фэйкі — а гэта паўсюль цяпер — вось людзі і выбудоўваюць сваё стаўленне да таго ці іншага факта, падзеі, краіны».
«А навошта гэта асвятляць»?
Студэнт спытаў у Качанавай:
— Калі рэпрэсаваць журналістаў і затрымліваць іх, то хто будзе асвятляць усё, што адбываецца?
— А навошта гэта асвятляць? — адказала яна пытаннем.
Пра дэмакратыю
«У нас, я вам скажу, яшчэ дэмакратыя! І яшчэ якая дэмакратыя, у параўнанні з іншымі краінамі».
Пра «план Далеса»
Наталля Качанава на сустрэчы са студэнтамі ўключыла відэа з цытатамі так званага «Плана Далеса».
Вось што прагучала:
«І мы кінем усё, што маем, усё золата, усю матэрыяльную моц на абалваньванне і абдурачванне рускіх людзей. Пасеяўшы ў Расіі хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх, рускіх, у гэтыя фальшывыя каштоўнасці верыць. Эпізод за эпізодам будзе разыгрывацца грандыёзная па сваім маштабе трагедыя гібелі самага непакорлівага на зямлі народа, канчатковага, незваротнага згасання яго самасвядомасці».
«План Далеса» — гэта фальшыўка, якая часта тыражуецца расійскімі шавіністычнымі СМІ, міфічны план дзеянняў ЗША супраць СССР. У выглядзе, які цытуецца, ён нідзе не публікаваўся, а англійскі арыгінал яго, здаецца, ніколі не існаваў. Яго прыдумалі ў 1990-я.