Внук создателя бело-красно-белого флага: «Флаг «фашистский»? Дед спас еврейскую девочку из гетто»
02.12.2020 / 22:18
Сямейнае пахаваньне сям'і Дуж-Душэўскіх. Петрашунскія могілкі, Коўна (Літва)
На надмагільлі стваральніка бел-чырвонага-белага сьцяга Кляўдыюша (Клаўдзія) Дуж-Душэўскага, апрача імёнаў ягонай жонкі і адзінага сына, ёсьць імя Марыны Расіцкене. Падчас вайны, рызыкуючы жыцьцём, ён выратаваў яе з ковенскага гета і выхаваў як уласную дачку.
Дуж-Душэўскі пахаваны ў Літве. Гэтую краіну ён называў сваёй другой радзімай, а сябе — «рамантыкам беларуска-літоўскага збліжэньня». Большую частку жыцьця ён пражыў у Коўне. Менавіта там адбылася гэтая гісторыя.
Як Літва стала другой радзімай стваральніка беларускага сьцяга
Да восені 1939 году Коўна ўсё яшчэ было сталіцай Літвы. Кляўдыюш Дуж-Душэўскі жыве там разам зь сям’ёй. Гэта паважаны ў Літве інжынэр, працуе ў Міністэрстве сувязі. Яму — 48, жонцы Алене на 7 гадоў менш, а сыну Сьцяпану — 8. Бел-чырвона-беламу сьцягу, які ён стварыў падчас вучобы ў Пецярбурскім горным інстытуце, ужо больш за 20 гадоў.
7 фактаў пра бчб-сьцяг
- Эскіз белага сьцяга з чырвонай стужкай Дуж-Душэўскі намаляваў у пачатку 1917 году. За аснову ён узяў колеры «Пагоні».
- Яшчэ ўзімку сьцяг выкарыстоўвалі толькі беларускія студэнты ў Пецярбургу.
- У сакавіку ён стаў галоўным элемэнтам падчас «Дня беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску.
- Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Кляўдыюша Дуж-Душэўскага, разаслалі ў мясцовыя арганізацыі.
- У жніўні на 1-й сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.
- У сьнежні ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд.
- 1918 год — афіцыйны сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі.
Выява бел-чырвона-белага сьцяга на шэрым кардоне, знойдзеная падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатру ў 2013 годзе. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасаваньня дэлегаты Першага Ўсебеларускага зьезду ў сьнежні 1917-га
Пераезд Кляўдыюша Дуж-Душэўскага ў Літву быў шмат у чым выпадковы. Ня здолеўшы праз рэвалюцыю скончыць інстытут у Пецярбургу, ён спачатку на коратка трапляе ў кантраляваны бальшавікамі Менск. Там пачынае працу губэрнскім геолягам і ў красавіку 1919 году едзе па службе ў Вільню. Акурат у гэты час горад займаюць польскія войскі. У Менск Дуж-Душэўскі больш не вярнуўся. У Вільні ён становіцца дыпляматычным прадстаўніком БНР у краінах Балтыі. Некаторы час статус гораду застаецца няпэўным. Толькі ў 1922 годзе Вільню далучаюць да Польшчы. Дуж-Душэўскі пратэстуе. Ён крытыкуе падзел Беларусі і за гэта на некалькі тыдняў трапляе ў сумнавядомую Лукіскую турму.
Пасьля вызваленьня ён прымае рашэньне пакінуць гэты горад. Прычына была ня толькі ў палітыцы. Неўзабаве пасьля нараджэньня тут памірае першае дзіця Кляўдыюша і Алены. Вільня стала для яго месцам траўмы. Нават пазьней, калі яна была сталіцай савецкай Літвы, у якую ў Дуж-Душэўскага было мноства магчымасьцяў перабрацца, ён застаўся ў Коўне.
Алена і Кляўдыюш Дуж-Душэўскія разам з сынам Сьцяпанам, 1932
Спакойнае жыцьцё сям’і Дуж-Душэўскіх працягваецца да лета 1940 году. У чэрвені Літву далучаюць да СССР.
Той пэрыяд жыцьця Дуж-Душэўскага да дробязяў ведае гісторык з Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага ў Коўне Томаш Блашчак, які працуе над біяграфічнай кнігай пра стваральніка беларускага сьцяга.
«Ужо пасьля далучэньня Вільні да Літвы, увосень 1939 году, Дуж-Душэўскі перадае ўсе свае беларускія справы ксяндзу Адаму Станкевічу ў Вільню. Гэтыя справы — створаны ім жа ў Коўне «Цэнтар беларускай дзейнасьці ў Літве». Па сутнасьці, гэта была фармальная пасада. Я не сустрэў ніводнага сьледу, каб ён неяк ангажаваўся ў беларускую справу апошнія гады перад акупацыяй», — расказвае Блашчак.
Дуж-Душэўскі быў упэўнены, што бальшавікі не даруюць яму дзейнасьці ў беларускіх арганізацыях і ў БНР. У жніўні яго арыштоўваюць і абвінавачваюць у «антысавецкай дзейнасьці».
Дзьве акупацыі і два зьняволеньні Дуж-Душэўскага
Гінтарасу Расіцкасу сёньня 60 гадоў, ён жыве ў Лёндане, але родам з Коўна. Кляўдыюша Дуж-Душэўскага ён ня мог памятаць, бо нарадзіўся праз год пасьля ягонай сьмерці. Але стваральніка беларускага нацыянальнага сьцяга добра ведала ягоная мама Марына Расіцкене. Дуж-Душэўскі лічыў яе сваёй дачкой. Яны пахаваныя побач на Петрашунскіх могілках у Коўне.
«Майго роднага дзеда звалі Мойшэ Ландаў. У 1940 годзе ён, як і Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, быў арыштаваны бальшавікамі і трапіў у ковенскую турму. Маме было тады 11 гадоў. Дзед Мойшэ сядзеў у адной камэры разам з Кляўдыюшам, і яны вельмі пасябравалі. І ня толькі яны. Пакуль Кляўдыюш і мой дзядуля сядзелі ў турме, жонка Клаўдзія Алена і мая бабуля Лібэ стаялі ў чарзе, каб перадаць ежу сваім мужам. І яны таксама пасябравалі. Кляўдыюш і Мойшэ пакляліся адзін аднаму, што калі нехта зь іх ня выжыве, то другі паклапоціцца пра яго сям’ю».
Сьледзтва трывала год, але не пасьпела завяршыцца. У чэрвені 1941 году Нямеччына нападае на акупаваную бальшавікамі Літву. Клаўдзій Дуж-Душэўскі ўцякае з турмы. Міністэрства сувязі, у якім ён працаваў дагэтуль, больш не існавала. Дуж-Душэўскі ўладкоўваецца інжынэрам на фабрыцы гумовых ботаў «Inkaras», а пазьней становіцца яе дырэктарам.
Лёс габрэйскай сям’і Ландаў быў іншы. Калі пачалася нямецкая акупацыя, уся сям’я з трыма дзецьмі трапіла ў гета Віліямпаль (Коўна).
«Немцы прывялі майго дзеда Мойшэ працаваць на фабрыку «Inkaras», дзе Кляўдыюш працаваў ужо дырэктарам. Паколькі яны былі сябрамі з часоў турмы, было вырашана, што мая маці Марына таемна выйдзе з гета, а Кляўдыюш схавае яе дома. Некаторы час Кляўдыюш дапамагаў хавацца і брату маёй маці, дзядзьку Давіду».
Марына Расіцкене
Хаваць габрэяў у хаце Дуж-Душэўскаму ўдаецца некалькі месяцаў. У жніўні 1943 году яго і жонку Алену арыштоўвае за гэта гестапа. Спачатку іх зьмяшчаюць у тую самую турму, дзе Дуж-Душэўскі сядзеў і чакаў суду пры бальшавіках. Пазьней Кляўдыюша і Алену высылаюць у канцлягер Правянішкі. Там Дуж-Душэўскія праседзелі больш за 4 месяцы. Іх вызвалілі з дапамогай знаёмых з тарфянога трэсту, куды потым уладкоўваецца Клаўдзій. Марыну ўвесь гэты час удаецца хаваць ад немцаў.
«Калі Чырвоная Армія падышла пад Коўна, немцы зьнішчылі многіх габрэяў з гета. Але мае дзядуля і бабуля Мойшэ, Лібэ, цётка Міра і дзядзька Давід не былі ў гэтай групе. Рэшту габрэяў вывезьлі з гета ў канцлягер Дахаў. Паездка была вельмі складаная. Прыйшлося шмат хадзіць. Мужчыны і жанчыны былі падзеленыя. Бабуля і цётка Міра пайшлі разам. Неяк так здарылася, што бабуля параніла нагу і пачаўся моцны крывацёк. Яна памерла на вачах у цёткі».
Калі амэрыканцы вызвалілі канцлягер Дахаў, Мойшэ Ландаў і сын Давід засталіся ў Нямеччыне. Брат Марыны скончыў там унівэрсытэт. Пазьней ён разам з бацькам зьехаў у ЗША. Марына ўвесь гэты час была з Дуж-Душэўскімі ў Коўне.
«Цётка Міра вярнулася ў Літву. Мяркую, што першы час яна жыла разам з Дуж-Душэўскімі. Усе жахі вайны моцна закранулі яе псыхіку. Мама клапацілася пра яе ўсё жыцьцё. Клаўдзій удачарыў маю маму. Пасьля вайны яна скончыла сярэднюю школу, атрымала кваліфікацыю інжынэра машын і абсталяваньня лёгкай прамысловасьці ў Ковенскім політэхнічным інстытуце. Мой бацька, Чэславас Расіцкас, вучыўся ў той самай групе. Яны пажаніліся, атрымалі прызначэньне ў Клайпедзе. Там у 1958 годзе нарадзіўся мой брат Эдвардас, а ў 1960 годзе я. Мая мама памерла 29 сьнежня 1977 году. Яе пахавалі на Петрашунскіх могілках разам зь сям’ёй Клаўдзія».
Дуж-Душэўскага Марына Расіцкене перажыла ўсяго на 18 гадоў. Заканчэньне вайны не прынесла спакою стваральніку беларускага сьцяга. Ён ідзе працаваць у Ковенскі ўнівэрсытэт, але ў 1946 годзе супраць Клаўдзія зноў заводзяць справу, канфіскуюць падчас вобшуку кандыдацкую працу, а самога арыштоўваюць. Праз год, з прычыны недастатковых доказаў, яго вызваляюць, справу спыняюць, але тым ня менш звальняюць з унівэрсытэту за «ідэалягічную непасьпяховасьць».
Наступныя пяць гадоў Дуж-Душэўскі працуе архітэктарам у праектным бюро. У 1952 годзе яго чарговы раз арыштоўваюць, усё за тую ж «антысавецкую дзейнасьць». Падчас вобшуку канфіскуюць кнігі Дуж-Душэўскага. Сёньня некаторыя зь іх, з пазнакай «изьято во время обыска», можна сустрэць у віленскіх бібліятэках. Кляўдыюша асуджаюць на 25 гадоў турмы. Прысуд ён адбывае ў сумнавядомай турме КДБ у Вільні. Але ў 1955 годзе, моцна хворага, яго вызваляюць па амністыі. Апошнія 4 гады жыцьця ён праводзіць дома ў Коўне.
«Тата лічыў Марыну сваёй сястрой»
Юлюс Душаўскас-Дуж
Юлюсу Душаўскасу-Дуж 60 гадоў, ён жыве ў Вільні. Юлюс — адзіны ўнук стваральніка беларускага нацыянальнага сьцяга. Ён былы марак, адплаваў 25 гадоў у Ціхім акіяне і Атлянтыцы. З 1994 году — на «вялікай зямлі». Ягоны бацька Сьцяпан быў адзіным сынам Кляўдыюша і Алены.
Гінтараса і Эдвардаса Расіцкасаў ён называе стрыечнымі братамі, хоць паміж імі няма кроўнага сваяцтва.
«Марына вырасла разам з маім бацькам, і ён лічыў яе сваёй сястрой. Да дзеда яна трапіла празь сябра, адваката. Ён папрасіў прытуліць ягоную дачку, калі яны былі ў турме. Дзед Клаўдзій, дзякуючы нейкім махінацыям, даўшы некаму хабар, забраў гэтую дзяўчынку з гета. Паводле легенды, яе спачатку выдавалі за пакаёўку ў доме дзеда».
За ратаваньне габрэяў Кляўдыюш і Алена Дуж-Душэўскія пасьмяротна атрымалі ўзнагароду ад прэзыдэнта Літвы. Гэта адбылося на просьбу габрэйскай супольнасьці ў Літве.
Сямейны альбом Дуж-Душэўскіх
«Патроху пра дзеда расказвала бабуля, як яна выйшла ў Санкт-Пецярбургу замуж за яго, як пераехалі ў Літву, як прыйшлі саветы — пасадзілі, прыйшлі немцы — і пасадзілі, прыйшлі зноў саветы — зноў пасадзілі. Пасьля сьмерці дзеда бабуля ўжо не выходзіла замуж, жыла ў Вільні. Падчас вайны і пасьля, каб пракарміць сям’ю, яна выкладала гішпанскую, партугальскую, нямецкую мовы. Дажыла да 1990 году і памерла, маючы 92 гады, у нашым доме ў Вільні».
Бацька Юлюса, Сьцяпан, нарадзіўся ў 1931 годзе ў Коўне, але ўсё жыцьцё пражыў у Вільні. Ён быў хімікам, доктарам навук, удзельнічаў у беларускім жыцьці гораду.
Сям'я Дуж-Душэўскіх, 1935 год
«Спачатку ён нічога не расказваў пра дзеда. Упершыню я даведаўся, што мой дзед быў беларускім дзеячом і аўтарам нацыянальнага сьцяга, калі мне было 16 гадоў. Пазьней, калі мне было 20, тата зноў мне пра гэта нагадаў. Але доўгіх размоваў пра гэта не было. У той час усе баяліся «старэйшага брата», які ўсё ведае, усё чуе і ўсё бачыць.
Калі я бачу сёньня мора бел-чырвона-белых сьцягоў у Беларусі, то цешуся, што нашая сям’я нечым паспрыяла руху на карысьць незалежнасьці. Калі чую заявы, што гэта фашысцкі сьцяг, то заўсёды кажу сам сабе: кожны выказваецца па меры сваёй адукацыі. Я падтрымліваю людзей у Беларусі. Усё гэта рана ці позна мусіла скончыцца. Я вельмі спадзяюся, што бел-чырвона-белы сьцяг будзе зноў дзяржаўным у Беларусі».
Сваім прадзедам ганарыцца і Марус Душаўскас-Дуж. Пра тое, што той быў актыўным беларускім дзеячом, ён ведаў даўно. А пра тое, што прадзед стварыў бел-чырвона-белы сьцяг, дазнаўся 6 гадоў таму. Сёлета ён разам з жонкай і сынамі ўдзельнічаў у «Балтыйскім шляху салідарнасьці зь Беларусьсю» пад бел-чырвона-белым сьцягам.
Марус Душаўскас-Дуж разам з сынамі на «Балтыйскім шляху салідарнасьці зь Беларусьсю»
«Мы падтрымліваем рэвалюцыю ў Беларусі і верым у беларускую свабоду. Людзі маюць права на свабоду і справядлівыя выбары. Мне вельмі балюча бачыць, як сілавыя структуры, прызначаныя абараняць людзей, зьбіваюць, катуюць і забіваюць іх. Таму заявы Лукашэнкі, што бел-чырвона-белы сьцяг — фашысцкі, асабліва закранаюць».
«Нашая сям’я будзе заўсёды яму ўдзячная»
Беларускі нацыянальны сьцяг побач зь літоўскім і надпісам па-ангельску «Разам» разьмешчаны і на профілі ў сацыяльных сетках унучкі Марыны Расіцкене Крыстыны, якая жыве ў Лёндане. Пра ролю Дуж-Душэўскага ў жыцьці яе бабулі яна ведала і раней, а вось пра тое, што ён яшчэ і стваральнік сьцяга, які яна на пачатку пратэстаў у Беларусі зьмясьціла ў сваім Фэйсбуку, жанчына дазналася ад «Радыё Свабода».
«Сапраўды? Я пра гэта ня ведала. Вялікі вам дзякуй. Я моцна кранутая. Я вельмі падтрымліваю беларусаў. Я ведала з расповедаў таты, што Кляўдыюш выратаваў маю бабулю, удачарыўшы яе. Нашая сям’я будзе заўсёды ўдзячная яму за гэта. Ён быў вялікім чалавекам».