Маці Рамана Бандарэнкі паказала яго аналізы на алкаголь — нуль праміле ФОТАФАКТ

19.11.2020 / 20:37

Алена Бандарэнка, мама загінулага Рамана, перадала Рэдакцыі «Нашай Нівы» копію лабараторнага аналізу крыві яе сына. У гэтым дакуменце відаць, што этылавага спірту ў крыві Рамана Бандарэнкі няма — у выніку аналізу стаіць 0.

«Гэта аналіз, які бралі ў Рамана адразу пасля яго паступлення ў бальніцу. Я бачыла гэты вынік у яго медыцынскай карце сваімі вачыма яшчэ раніцай пасля яго шпіталізацыі, калі Раман яшчэ быў жывы», — паведаміла Алена. 

Што тычыцца сімвалаў насупраць аналізаў мачы і сліны, якія падобныя на лічбу 7, маці кажа, што гэта лацінскія літары Z. Прасцей кажучы — прочыркі.

Таксама Алена дала дазвол на публікацыю дакумента:

«Я, Алена Бандарэнка, маці Рамана Бандарэнкі, афіцыйна дазваляю вам публікаваць вынікі лабараторных даследаванняў, якія я вам даслала».

Nashaniva.by