Маляваныч: У пад'ездзе суседзі павесілі плакат, што ганарацца мной. А каля турмы сустракала траціна тэатра
17.11.2020 / 20:10
Аляксандр Ждановіч, ён жа культавы вядучы «Калыханкі» Маляваныч, выйшаў на волю з жодзінскай турмы пасля 9 сутак арышту. Сваімі ўражаннямі ад затрымання і зняволення Маляваныч падзяліўся з «Нашай Нівай».
«Гэта адбылося 8 лістапада. Я ўзяў з сабой крыж, з якім калісьці з жонкай-нябожчыцай ездзіў у Ерусалім. Гэта, дарэчы, была пятая гадавіна смерці Людмілы. Разам са знаёмым бацюшкам і сынамі збіраліся паехаць на яе магілу гадзіне а 16—17, а 12 я паехаў на шэсце, фактычна ніводнага не прапускаў.
Вось узяў з сабой крыж і ішоў, людзям у калону не атрымлівалася сабрацца. Я проста ішоў па Нямізе са знаёмым і бачыў, як затрымліваюць людзей. Гэта было дзесьці ля 12:20, да мяне падышоў нейкі амапавец-шмапавец, я не ведаю, хто гэта быў і не хачу разбірацца. Пытаюцца: што вы тут робіце? Кажу: я малюся за вас, каб вы не крыўдзілі людзей. Мы нікога не крыўдзім, адказваюць мне, але не затрымалі.
Я зрабіў яшчэ літаральна крокаў пяцьдзясят, як пабачыў, што іншы шмапавец крычаў на жанчын. Я папрасіў гэтага не рабіць, ён схапіў мяне за каўнер і пацягнуў у адзін з аўтазакаў. Людзі сталі крычаць: «Бацюшку схапілі, бацюшку схапілі!»
Хапалі ўсіх: і бацюшкаў, і матушак. Я апынуўся ў «стакане», дзякуй Богу, не білі, можа таму, што «бацюшка» (смяецца). Да мяне прыйшоў абсалютны спакой, пазнаёміўся з суседам па «стакане», доўга ехалі, я маліўся.
Так і апынуліся ў Партызанскім РУУС. Прадметам нашага здзіўлення было, што ў гэтым РУУС да нас паставіліся лаяльна. Дазвалялі нават адказваць на званкі. У мяне на званку стаіць Моцарт, яны пыталіся, хто гэта. Гэта было ўвогуле неверагодна.
Нас, чалавек 100, там трымалі да дванаццатай ночы. Быў адзін збіты, да яго выклікалі хуткую. Дазвалялі перадачы прыняць ад валанцёраў і сваякоў. Прыкладна а гадзіне ночы мы прыехалі ў Жодзіна.
Мы адчулі адразу хамскі стыль стасавання ў Жодзіне, адразу тварам да сценкі, мат-перамат, гнюснае стаўленне. Але галоўны пазітыў — гэта стасаванне з людзьмі, з якімі ты апынуўся побач. Адзін наш чалавек Аляксандр Ягела сказаў: «Хопіць хаміць». Гэта выклікала абурэнне, але трэба казаць, не трэба маўчаць, трэба захоўваць чалавечую годнасць. Гэты чалавек нічога не зрабіў Аляксандру, толькі крычаў.
Потым быў вельмі непрыемны момант. Калі адбываўся другі надгляд, калі распранаешся, то ў іхні каземат трэба было заходзіць ці наступіўшы, ці выціраючы ногі аб бел-чырвона-белы сцяг, які яны паклалі на падлозе. Гэта ўсё кажа аб іх, аб тых людзях, што на тым баку.
Потым мы былі ў камеры, шаснаццаць мужыкоў на восем месцаў, але не было ні вады, ні матрацаў. І дзве ночы мы праводзілі так, хто седзячы, хто як. У панядзелак не давалі есці, кінулі дзве буханкі хлеба на камеру. Суды-шмуды, мы нічога не ведалі. У «райскім» РУУС нам шапнулі, што будуць штрафы, мы былі гэтаму радыя.
У аўторак адбыўся «суд», суддзю дзеля чагосьці прывезлі з Клецка. Не было ні сведкаў, нічога. Мне сказалі, што я ішоў з сімволікай і выкрыкваў лозунгі. Пытаюся: а хто сведкі? Увогуле нічога на гэта не адказалі. Ці згодны я з прысудам у 9 сутак? Не, не згодны. Падпішыце, што не згодны, адказваюць мне.
Я на гэтым выдыхнуў, і далей было цудоўнае стасаванне з маімі сукамернікамі. Была абсалютная салідарнасць, калі камусьці было нязручна спаць, то мы мяняліся. Гэта было самае цудоўнае. Вельмі збліжала людзей, мы шмат стасаваліся, смяяліся, жартавалі пастаянна. Часам здавалася, што гэта цудоўнае месца. Калі б яшчэ не было тых, хто гаўкаў на тым баку. Але і сярод іх былі прыстойныя людзі. Мы выпрасілі душ, а вось на прагулку не вывелі ні разу.
Мне, на жаль, перадалі толькі адну кнігу, а трэба сябе чымсьці займаць. Я пытаюся, ці ёсць у вас бібліятэка. Кажуць, ёсць, але там толькі дзіцячыя кніжкі, вам не спадабаецца. Існавала абсалютнае аднадушнасць ў камеры, хаця мы не ведалі ніякіх навін.
Было вельмі прыемна, што ледзь не траціна Тэатра рускай драматургіі мяне сустрэла сёння з сутак, і гэта не кажучы пра сваякоў і цудоўных валанцёраў. Калі я даведаўся пра ўсю жэсць, што была за гэты час, то ў мяне проста няма слоў. У пад'ездзе павесілі суседзі плакат, што ганарацца мной.
Пазналі яшчэ ў РУУС, але гэта ж ні на што не ўплывала. Мянты між сабой таксама перагаворваліся: «Ага, Маляваныч, зразумела». Але, на шчасце, мы з імі не так часта сутыкаліся.
Сімволіку на акцыі я не бяру, нават не ведаю чаму, я да яе добра стаўлюся, з вялікай павагай. А крыж час ад часу бяру. Ніколі не хочацца, каб цябе хапанулі, але ў дзень памяці маёй жонкі мне было амаль усё роўна, ці забяруць. Страху амаль не было. Проста адчуванне мярзотнасці ад таго, што адбываецца на тым баку. Мне здаецца, што Бог на нашым баку».