Мастацтвазнаўца Харэўскі: Дзякуй богу, што гэты рэжым не запэцкаў ідэю беларусізацыі сваімі рукамі
10.11.2020 / 12:08
У выпуску дэбатаў «ДысКУТ» пра тое, ці павінна беларуская мова быць адзінай дзяржаўнай, разважаюць мастацтвазнаўца, літаратар Сяргей Харэўскі і культуралагіня Вольга Раманава.
Фота Шуры Піліповіч-Сушчыц
«Да сёння большасць беларусаў, нават паводле апошняга перапісу, лічаць беларускую мову роднай. Больш за два мільёны сцвярджаюць, што яны штодня ёю карыстаюцца. А гэта, нагадаю, у два разы з гакам больш, чым наогул эстонцаў на планеце і значна больш за латышоў. Больш важным паказнікам з’яўляецца валоданне мовай. Амаль 90% жыхароў Беларусі ўсіх нацыянальнасцяў сцвярджаюць, што яны валодаюць беларускай мовай у той ці іншай ступені», — тлумачыць Харэўскі.
Ён акцэнтуе, што статус адзінай дзяржаўнай мовы зусім не азначае, што трэба гвалтам яе насаджаць або што будзе дыскрымінацыя рускамоўных.
«Ні ў якім разе не. Ніхто не закрые тэлеэфіры, якія ў нас на 95% рускамоўныя, ніхто не закрые інтэрнэт. Плюс я б надаў статус афіцыйных моў апроч рускай яшчэ і польскай, зважаючы, што паўмільёна жыхароў Беларусі палякі, а таксама, бадай, і англійскай. Гэта азначала б, што афіцыйныя дзяржаўныя дакументы перакладаліся б яшчэ і на англійскую мову дзеля сувязі з сусветам. Апроч таго, я б настойваў на статусе рэгіянальных моў. У нашым выпадку былі б два сельсаветы з літоўскай мовай і, бадай, каля 5-7 сельсаветаў — з украінскай. Я думаю, што ад такой канструкцыі выйграюць усе», — працягвае думку Сяргей Харэўскі.
Мастацтвазнаўца звяртае ўвагу, што пры любых раскладах рускай мове нічога не пагражае. Статус беларускай як адзінай дзяржаўнай зменіць хіба што традыцыі камунікацыі для чыноўніцтва.
«Што азначае статус нацыянальнай мовы. Ён азначае, што ўсё чыноўніцтва, усе палітыкі мусяць ёй валодаць. Зусім не абавязкова па-беларуску гаварыць усім, — кажа Харэўскі.
— Рускай мове ў агляднай перспектыве пры любых раскладах нічога не пагражае. Мы будзем заставацца ў ценю расійскай поп-культуры, расійскага тэлебачання і гіганцкага расійскага інтэрнэту. Таму адзіная нацыянальная ці дзяржаўная мова створыць дыскамфорт хіба што для чыноўніцтва, якое за апошнюю чвэрць стагоддзя перайшло цалкам на рускую мову. І барані бог, каб беларусізацыя адбывалася пры гэтым рэжыме. Дзякуй богу, што рэжым не запэцкаў гэтую ідэю сваімі рукамі. Бо гэта выглядала б як трэшавыя «Дажынкі», і пасля сыходу Лукашэнкі ад такой беларушчыны ўсіх бы ледзь не ванітавала».
Глядзіце дыскусію цалкам на ютуб-канале дэбатаў «ДысКУТ»:
03:15 — беларуская — нацыянальная мова, але могуць быць рэгіянальныя
07:17 — прыняцце адзінай дзяржаўнай мовы знізіць канфліктнасць у грамадстве
10:45 — рускай мове ў Беларусі нічога не пагражае
13:45 — «пазітыўная дыскрымінацыя» для беларускай мовы
15:18 — беларусізацыя пры рэжыме і новыя магчымасці для крыейтараў
17:48 — што рабіць з тымі, хто не разумее мову?
21:30 — на якой мове павінна быць адукацыя?
24:01 — што такое беларусафобія і пры чым тут руская мова
27:29 — ці ёсць прафесійная тэрміналогія на беларускай і што рабіць з расійскай прапагандай
33:50 — беларуская як адзіная дзяржаўная — гарантыя незалежнасці
39:59 — ці абмяжуе гэта правы рускамоўных грамадзян?
47:25 — білінгвізм — асаблівасць беларусаў і шматмоўе глабальнага свету
53:54 — беларуская як адзіная дзяржаўная — разрыў з постсавецкай спадчынай
55:43 — чаму руская мова нясе адказнасць за імперскасць
57:33 — на якой мове весці асноўны дакументазварот
03:30 — канфлікты на побытавым узроўні пры беларусізацыі
06:06 — свая руская мова ў Беларусі
01:13:35 — абавязковы экзамен для выпускнікоў на беларускай мове ў школе