Біскуп Касабуцкі: Словы Лукашэнкі — плявок у Касцёл

03.11.2020 / 21:37

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі пракаментаваў апошнія падзеі вакол адносін беларускай улады з Касцёлам.

Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам было сказана шмат слоў пра Каталіцкі Касцёл.

Біскуп адзначыў, што гэта не толькі і не столькі словы аднаго чалавека, колькі словы, падрыхтаваныя і ўкладзеныя ў яго вусны пэўнымі «ідэолагамі» і «паліттэхнолагамі».

«Каталіцкі Касцёл сёння выступае супраць насілля, гвалту, здзекаў і катавання людзей, асаблівым чынам моліцца за палітвязняў, выступае супраць рэпрэсій і пераследу, супраць парушэння правоў чалавека, прыніжэння чалавечай годнасці, супраць звальнення з працы альбо адлічэння з навучальнай установы за погляды, нязгодныя з афіцыйнай ідэалогіяй. Касцёл заклікае да адзінства, салідарнасці, падтрымкі адно аднаго, да быцця адным народам, нацыяй. Касцёл моліцца за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады супраць народа… А ўсё гэта ў нашай краіне сёння лічыцца чымсьці дрэнным. Таму трэба было плюнуць у Каталіцкі Касцёл і абліць яго брудам», — сказаў Юрый Касабуцкі.

На яго думку, «ідэолагі» і «паліттэхнолагі» папрацавалі вельмі слаба, і ім можна з нацяжкай паставіць слабенькую два з мінусам па дзесяцібальнай сістэме.

«Можа, яны хацелі такім чынам дыскрэдытаваць Аляксандра Лукашэнку ў вачах грамадства? Альбо не адпавядаюць займаным пасадам?» — рытарычна пытаецца біскуп.

Ён таксама пракаментаваў уручэнне грамат Апостальскім Нунцыем.

«Калі казаць коратка, то ўсё робіцца згодна з пратаколам дыпламатыі. Беларусь і Ватыкан маюць дыпламатычныя адносіны. Як і кожны пасол краіны, Нунцый уручае граматы таму, хто здзяйсняе рэальную ўладу ў краіне», — гаворыцца ў каментары Юрыя Касабуцкага.