Давыдзька: Здаецца, нам трэба фарміраваць партыю
21.10.2020 / 17:52
Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька сёння падчас правядзення дыялогавай пляцоўкі ў Віцебску заявіў, што арганізацыі трэба фармаваць партыю, перадае БелТА.
«Здаецца, што нам трэба фармаваць партыю. Папярэдняя ўмоўная назва — партыя народнага адзінства «Белая Русь». Слова «адзінства», хутчэй за ўсё, прадугледжвае правацэнтрысцкую партыю з добрым левым моладзевым крылом, з сацыяльнымі гарантыямі», — адзначыў Генадзь Давыдзька.
Паводле яго слоў, цяпер пачнецца праца над статутам і праграмай палітычнай сілы. У найбліжэйшыя дні праект статута з'явіцца на сайце «Белай Русі», можна будзе дасылаць свае прапановы.
Генадзь Давыдзька запэўніў, што ўзначальваць партыю не збіраецца, лідара будуць шукаць. «Гэта павінен быць малады ўпэўнены дзяржаўнік», — адзначыў ён.
Партыю плануюць арганізаваць адразу пасля рэформы Асноўнага закону.
Генадзь Давыдзька выказаў здагадку, што рэферэндум па Канстытуцыі можа прайсці ў сакавіку-красавіку наступнага года.