У Гродне падчас дабрачыннай сустрэчы затрымалі дырэктарку дзіцячага хоспіса

15.10.2020 / 20:54

У адным са двароў у мікрараёне Альшанка праходзіла дабрачынная сустрэча з прадстаўнікамі Гродзенскага дзіцячага хоспіса, на якой дырэктарка арганізацыі распавядала пра хоспісную дапамогу і магчымасці для валанцёраў. На сустрэчу прыехалі спачатку супрацоўнікі міліцыі ў форме, а потым і АМАП. Дырэктарка хоспіса Вольга Вялічка была затрыманая, паведамляе Tut.by.

— Усё адбывалася ў двары на вуліцы Агінскага. Вольга распавядала пра арганізацыю, пра дзяцей, пра тое, як можна дапамагчы цяжкахворым дзецям. На сустрэчу сабралася не вельмі шмат людзей. Прыехалі міліцыянеры з гучнагаварыцелем, пачалі казаць, каб мы разыходзіліся і мерапрыемства незаконнае. Ніхто не разыходзіўся, супрацоўнікі адышлі і праз нейкі час прыехаў АМАП. Вольгу затрымалі. Спачатку казалі, што за арганізацыю масавага мерапрыемства, а потым сказалі, што за ўдзел у мітынгу 6 верасня, аднак у той дзень ніякіх мітынгаў у горадзе не было. Можа, яны нешта наблыталі. Тым не менш, яе забралі і сказалі, што могуць пратрымаць яе тры гадзіны для разбіральніцтва, — распавялі гродзенцы.

Вольгу адвезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Гродна.