«Так не павінна, так не можа працягвацца». Дзмітрый Шэпелеў пракаментаваў збіццё Максіма Харошына
15.10.2020 / 07:35
Тэлевядучы Дзмітрый Шэпелеў пракаментаваў у інстаграме збіццё свайго студэнцкага сябра Максіма Харошына. Тэлевядучы напісаў, што не можа маўчаць, «бо ніколі зверствы АМАПа Беларусі не тычылася мяне так блізка і так асабіста».
— Я ведаю, што большасць з вас жывуць не ў Беларусі, але я павінен падзяліцца тым, што адчуваю цяпер: нянавісць, злосць і разгубленасць. Гэта мой сябар Максім, мы знаёмыя са студэнцкіх гадоў. Учора раніцай у Мінску на яго напалі невядомыя ў масках, выцягнулі з машыны, збілі, нацягнулі на галаву балаклаву і павезлі ў ізалятар, дзе збівалі яшчэ дзве гадзіны, катавалі, выбіваючы прызнальныя паказанні, — напісаў Шэпелеў.
Ён адзначае, што ўжо два месяцы беларусы патрабуюць мірнай перадачы ўлады і ўвесь гэты час жывуць і азіраюцца, ці не прыйшлі па іх людзі ў цывільным, хаваюцца па дварах, ратуючыся ад пераследу, хаваюцца ад святлошумавых гранат. Па словах тэлевядучага, «так не павінна, так не можа працягвацца».
«Яны плацяць гэтую цану за новае жыццё ў новай краіне, у Беларусі, якую яны заслугоўваюць, свабоднай ад страху і дыктатуры. І яны павінны перамагчы. Я хачу вас падтрымаць. Я вельмі ганаруся вамі. Жыве Беларусь!» — напісаў Шэпелеў.
Раніцай 13 кастрычніка, нагадаем, жорстка затрымалі аднаго з уласнікаў сталічнай кветкавай крамы «Першы кветкавы» Максіма Харошына. Яго моцна збілі — Харошын быў шпіталізаваны. Відэа, як Харошына з РУУС выводзяць медыкі, разышлося па сацсетках і выклікала моцны рэзананс.
Па словах адваката, сярод траўмаў Максіма ацёк унутраных органаў, ацёк машонкі, падазрэнне на пералом у галіне галёнкі, шматлікія ўдары, у мужчыны «цалкам адбіты ўвесь левы бок».
У каментары, які прадаставіла TUT.BY ГУУС Мінгарвыканкама гаварылася, што Харошына даставілі ў Першамайскае РУУС за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння. «Работнікі аховы здароўя прыбылі па выкліку супрацоўнікаў міліцыі, якім ён паведаміў аб наяўных у яго захворваннях. Маладога чалавека адвезлі ў медустанову. У частцы прычынення цялесных пашкоджанняў, пра якія паведамляецца ў некаторых інтэрнэт-крыніцах, інфармацыя не правераная», — заявілі ў міліцэйскім ведамстве.
Дзмітрый Шэпелеў — тэлевядучы родам з Мінска, пачынаў кар'еру на беларускім радыё, працаваў на БТ і АНТ. З 2004 па 2014 вёў перадачы і на расійскіх, і на ўкраінскіх каналах. У апошні час працаваў толькі ў Расіі, вёў ток-шоу «Насамрэч», адкуль звольніўся ў лютым гэтага года.