У Гомелі зноў затрымалі кандыдатку навук, выкладчыцу Наталлю Суславу
12.10.2020 / 11:36
Учора ў Гомелі затрымалі Наталлю Суславу, кандыдатку навук і выкладчыцу ГДУ. Пра гэта «Моцным Навінам» паведамілі знаёмыя Наталлі.
Суслава і яшчэ чатыры чалавекі знаходзіліся ў машыне, яе спыніла ДАІ. У аўто быў бел-чырвона-белы сцяг і шарыкі белага і чырвонага колеру:
— Мы проста хацелі іх запусціць, — распавёў суразмоўца. — Затрымлівалі ДАІ, потым прыехалі супрацоўнікі РАУС у форме і ў цывільным.
З усімі правялі прафілактычную гутарку, а на Суславу склалі пратакол паводле арт 23.34 за ўдзел 20 верасня ў маршы.
Сёння ці заўтра павінен адбыцца суд над Наталляй.
Нагадаем, 27 верасня выкладчыцу ўжо затрымлівалі, тады ёй далі 8 сутак за ўдзел у Маршы. Пасля ў інтэрв’ю Суслава распавядала, што хадзіла на мітынгі з 9 жніўня.