Юлія Навальная распавяла, як «размова» Ніка і Майка дапамагла яе мужу ў берлінскай клініцы
06.10.2020 / 13:41
Аляксей і Юлія Навальныя далі інтэрв'ю відэаблогеру Юрыю Дудзю. Галоўнай тэмай размовы стала атручванне апазіцыйнага палітычнага дзеяча і яго наступнае знаходжанне ў коме. Навальны 20 дзён быў у коме.
«Ён расплюшчвае вочы, потым зноў іх заплюшчвае, — распавяла Юлія пра стан мужа. — Нібы глядзіць, але, напэўна, нічога не разумее. І гэта [выхад з комы] пытанне некалькіх дзён. То бок няма такога, што ён прачнуўся і сказаў усім «добрай раніцы» ці заўсміхаўся. Такога моманту не было.
Але я, вядома, памятаю той момант, калі ён не размаўляў, таму што ў яго ўжо была трахеастома — па-мойму, так яна правільна называецца. Гэта трубка ў шыі. Таму ён не мог размаўляць. Там ёсць спецыяльная заглушка, якую ўключаюць у нейкі момант, і з ёй можна размаўляць. Але гэта было не адразу. Мне здаецца, ён яшчэ не мог гаварыць у першыя дні. І я яму стала паказваць перамовы, якія «зліў» Лукашэнка, перамовы Польшчы…
— Майка і Ніка?
— Так, Польшчы з Германіяй. І ў нейкі момант ён пачаў смяяцца. Тады я зразумела, што як бы, напэўна, мы яшчэ пазмагаемся.
***
3 верасня Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Мінск прэм'ера Расіі Міхаіла Мішусціна заявіў, што заява Меркель аб атручэнні Навальнага з'яўляецца фальсіфікацыяй. І паабяцаў даць перахоплены разведкай тэлефонную размову з «двума абанентамі».
4 верасня тэлеграм-канал «Пул першага» апублікаваў запіс тэлефоннай размовы Ніка з Берліна і Майка з Варшавы. У ёй Берлін кажа, што «матэрыялы па Навальным гатовыя», а кіраўнік Беларусі называўся крэпкім арэшкам. Запіс стаў прадметам жартаў у інтэрнэце.