Святлана Алексіевіч паляцела на месяц у Германію і Італію

28.09.2020 / 13:50

Фота Надзеі Бужан

Нобелеўскі лаўрэат і член прэзідыума Каардынацыйнай рады Святлана Алексіевіч раніцай у панядзелак паляцела ў Германію. Але яе ад'езд ніяк не звязаны з крымінальнай справай супраць Каардынацыйнай рады, патлумачыла TUT.BY памочніца пісьменніцы Таццяна.

Як стала вядома «Свабодзе» ад сяброў пісьменніцы, Алексіевіч паехала на лячэнне. Яна паехала да доктара, які даўно яе кансультуе, на планавае абследаванне.

«Яна яшчэ два месяцы назад павінна была паехаць да доктара, але гэтаму заміналі то каранавірус, то палітычныя падзеі. Пасля Нямеччыны яна мае намер наведаць Італію, дзе ёй прысудзілі прэмію.

Яна збіраецца вярнуцца ў Беларусь праз месяц. Ад сваёй дзейнасці ў складзе Каардынацыйнай рады яна не адмаўляецца», — сказаў «Свабодзе» сябра пісьменніцы.